3 ліпеня на святкаванні Дня Незалежнасці ў Гродне плануюць выкінуць з самалёта 2000 улётак з інфармацыяй пра свята і віншаваннямі. Пра гэта стала вядома ГА «Экаманіторынг».
— Сітуацыя з самалётам і ўлёткамі з’яўляецца неадназначнай. Нават у нашай арганізацыі меркаванні наконт гэтага падзяліліся і выклікалі вельмі гарачую дыскусію, — прадстаўляе Яўген Філімонаў агульнае меркаванне. — З аднаго боку, большая частка актывістаў выказалася чакана негатыўна супраць гэтай задумы. «Маркетынгавая» ідэя з улёткамі часоў Другой сусветнай вайны ад мясцовых уладаў ужо даўно не з’яўляецца актуальнай, і ў наш час выглядае проста недарэчнай.
Акрамя таго, справядлівыя былі абурэнні з нагоды забруджвання горада паперай, якую трэба прыбіраць за кошт падаткаплацельшчыкаў. Няма ніякіх гарантый, што папера, выкінутая з самалёта, не асядзе потым у мясцовых скверах, у Нёмане і іншых недаступных месцах.
Таксама актывістаў хвалявала пытанне бяспекі. Палёт самалёта над цэнтральнай часткай горада на нізкай вышыні заўсёды нясе ў сабе патэнцыйную небяспеку.
— З іншага боку, у нашай камандзе знайшліся людзі, каму гэтая ідэя прыйшлася да спадобы. У кантэксце яны прапанавалі разглядаць падзею, як магчымасць аднесці дамоў на памяць часцінку свята, а маленькім гараджанам, і тым, каму за 60, задума з улёткамі павінна спадабацца. З пункту гледжання маштабнасці, гэты выкід, напэўна, самая малая шкода навакольнаму асяроддзю, у параўнанні з вялікай колькасцю абгортак ад цукерак, цыгарэтных пачкаў, пластыкавым посудам, які застанецца пасля свята. Таксама была выказана здагадка, што ўлёткі вырашылі запусцмць замест салюту ў сувязі з адсутнасцю ў бюджэце, — кажа Яўген.