Гродзенскія могілкі па вуліцы Антонава цяпер маюць статус комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такое рашэнне прынялі на абласным савеце па пытаннях гіcторыка-культурнай спадчыны. Праўда, пакуль такі статус маюць дзесяць магіл, піша grodnonews.by.
У ліку гэтых магіл – месцы пахавання вядомых на Гродзеншчыне людзей. Да прыкладу, магіла Элізы Ажэшкі і Станіслава Нагорскага, маці Максіма Багдановіча Марыі Апанасаўны, магілы Мураўёвых, Кемарскіх, Шумавых, Шырмы, Кандратовічаў і шэраг іншых.
Як распавялі ва ўпраўленні культуры, у будучым спіс з дзесяці найбольш значных пахаванняў будзе пашыраны. А працы па добраўпарадкаванні і рэстаўрацыі пахаванняў працягнуцца.
Могілкі, размешчаныя па вуліцах Антонава – Прыгарадная ў Гродне, – гэта не проста месца пахавання, а аб’ект асаблівай увагі турыстаў. Справа ў тым, што комплекс праваслаўных і каталіцкіх могілак быў заснаваны ў канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў. Як кажуць гісторыкі, у Беларусі няма больш старых і цэнных могілак з пункту гледжання помнікаў як аб’ектаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Да таго ж, тут пахавана нямала вядомых людзей.
Таксама на паседжанні была разгледжана прапанова па наданні статусу гісторыка-культурных каштоўнасцей драўляным будынкам у горадзе Гродна, прынамсі, дамам №7 і 9 па вуліцы Міцкевіча. Яны – прыклад гарадской архітэктуры мяжы XIX – XX стагоддзяў і размешчаны ў так званым Новым свеце ў гістарычнай частцы Гродна. Сёння гэтыя пабудовы знаходзяцца ў не вельмі добрым стане і вымагаюць рэканструкцыі. На паседжанні вырашана дадаткова вывучыць пытанне больш дэталёва і прыняць рашэнне, якое б толькі паспрыяла захаванню і аднаўленню гістарычнай забудовы.




