Трагедыя адбылася ўчора, 24 чэрвеня, у першай палове дня на Нёмане паблізу вёскі Дакудава. На месцы здарэння некалькі гадзін працавалі лідскія вадалазы, але пошукі не далі вынікаў. Сёння гэтую працу прадоўжыць манеўрана-пошукавая група Гродзенскага абласнога Савета АСВОД. Пра гэта журналісту «Лідскай газеты» паведаміў начальнік Лідскай выратавальнай станцыі Пётр Кудраўцаў.
Інфармацыі аб трагедыі пакуль не шмат, абставіны высвятляе Следчы камітэт. Вядома, што 12-гадовае дзіця разам з бабуляй адпачывала каля яе знаёмых паблізу вёскі Дакудава. Дзяўчынка вырашыла выкупацца. Адна зайшла ў ваду і пачала тануць прама на вачах у бабулі. Своечасова аказаць дапамогу ёй ніхто не змог, дзіця сышло пад ваду.
— Паведамленне пра здарэнне да нас паступіла прыкладна ў дзве гадзіны дня, — распавёў начальнік Лідскай выратавальнай станцыі Пётр Кудраўцаў. — Мы адразу ж выехалі да месца. Некалькі гадзін, да позняга вечара даследавалі дно, спрабавалі знайсці цела дзяўчынкі, але безвынікова.
АСВОД нагадвае, што купацца лепш за ўсё ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах, дзе за купаннем назіраюць ратавальнікі.
— Але дапамогу ў гэтым сезоне мы аказвалі ўжо не раз, не раз выцягвалі з вады тануўшых як дарослых, так і дзяцей, — канстатаваў Пётр Кудраўцаў. — На жаль, нярэдка прычынай падобных інцыдэнтаў у дарослых становіцца алкаголь, у дзяцей — няўважлівасць бацькоў.
Трагедыя з 12-гадовай дзяўчынкай — гэта першы выпадак ўтаплення дзіцяці ў Лідскім раёне ў гэтым годзе. У мінулым годзе на вадаёмах рэгіёну загінулі два чалавекі: мужчына, які ў нецвярозым выглядзе спрабаваў пераплысці возера ў вёсцы Шэйбак, і 13-гадовая дзяўчынка, якая з сябрамі-падлеткамі адпачывала недалёка ад дзіцячага аздараўленчага лагера «Сонейка». Нагадаем, тады дзіця ўдалося дастаць з вады, даставіць у рэанімацыйнае аддзяленне Лідскай ЦРБ, аднак праз некалькі дзён, праведзеных на штучнай вентыляцыі лёгкіх, дзяўчынка памерла.