Жыхарка Гродна ў адной з бальніц горада скрала ў пенсіянеркі 120 беларускіх рублёў.

Дзве жанчыны ляжалі ў адной палаце. Раніцай 80-гадовая пацыентка выйшла, у гэты час «суседка» адкрыла яе торбачку і з кашалька забрала 120 рублёў. Праз нейкі час пацярпелая хацела ўзяць таблеткі і звярнула ўвагу, што кашалёк ляжыць інакш. Адкрыўшы яго, выявіла адсутнасць грошай.

Аб тым, што адбылося, пажылая жанчына распавяла дачцэ, якая звярнулася ў міліцыю. Спачатку суседка па палаце, таксама пенсіянерка 1951 года нараджэння, ўсё адмаўляла, але пазней прызналася ўчастковаму інспектару і вярнула грошы.

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, міліцыя вярнула гаспадыні скрадзеныя грошы і пачала крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж». Раней жанчына не была судзімая і не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці.