Ратавальнікі АСВОД знялі з выспы пасярод Нёмана двух жанчын, якія плавалі па рацэ на надзіманым матрацы.

Гэта адбылося 15 чэрвеня, піша belta.by са спасылкай на Гродзенскую абласную арганізацыю АСВОД. Дзве жанчыны плавалі па Нёмане на матрацы. У нейкі момант ён здзьмуўся. Яны апынуліся на востраве пасярод ракі. Супрацоўнікі выратавальнай станцыі Ласосна падплылі да іх на лодцы і даставілі на бераг.

Таксама на станцыі Ласосна ў мінулыя выхадныя аказвалі дапамогу нецвярозаму плаўцу. Мужчына вырашыў пераплысці Нёман, аднак на сярэдзіне ракі знясілеў і пачаў тануць. Яго паспелі выратаваць.

У раёне станцыі Цэнтральная на Нёмане 16-гадовы хлопец выплыў за буйкі, і яго падхапіла плынь. Сам справіцца з ракой юнак ня здолеў, выратавалі супрацоўнікі станцыі. Яшчэ аднаго 21-гадовага хлопца выратавалі на возеры Юбілейнае ў Гродне, ён заплыў за буйкі і страціў сілы. Усяго з пачатку года ў вобласці выратавалі 18 чалавек, у тым ліку 4 дзяцей, а 22 чалавекі патанулі.