Гродзенскі фатограф Аляксандр Саенка называе выставу «Прыдуманы горад» самай важнай для сябе. Гэтым разам ён паспрабаваў сабраць па пазлах сваё жыццё і знайсці адказы на свае пытанні. І ён вельмі радуецца, калі людзі бачаць у яго метафарах нешта сваё.
Аляксандр Саенка — рэпартажны фатограф. Таксама ён зрабіў некалькі фотагісторый, якія ўздымалі сацыяльныя праблемы: напрыклад, пра тралейбуснае дэпо і бясплатную сталовую для бяздомных. Яго фотаработы прызнаныя — ён браў удзел у многіх выставах у Беларусі і за мяжой, у тым ліку быў пераможцам і прызёрам у «Прэс-фота Беларусі».
А гэтая выстава вельмі асабістая, дзе аўтар даследуе маленькія пазлы свайго мінулага, спрабуе скласці яго і знайсці адказы на свае пытанні. Некаторыя могуць назваць фатаграфіі дэпрэсіўнымі, але сам аўтар кажа, што ў яго заўсёды ёсць палоска святла ў цемры.
— У мяне такое цяжкае сямейнае мінулае і мне заўсёды было цяжка ўспрымаць яго. На фотаздымках прысутнічаюць нейкія жанчыны, дзеці - для мяне вельмі важная сям’я. Заўсёды пакрыта цемрай, што будзе адбывацца далей. Для мяне такая няяснасць: ці будзе ўсё добра, будзе святло або будзе цемра?
— І ў мяне заўсёды ў гэтых фотаздымках прысутнічае такі памежны стан. Я б не сказаў, што дзесьці ў мяне пераважае цемра, дзесьці святло. І я спрабую знайсці раўнавагу. Не хачу скаціцца ў такое, што цемра мяне паглыне — і ўсё. Але яна заўсёды навісае нада мной. І я як паветраны шарык у падвешаным стане — не ведаю, палячу на неба або застануся ў чыіх-небудзь руках трымацца. Для мяне гэта нявырашанае пытанне. І я сваімі выставамі, фотаздымкамі спрабую знайсці адказ на сваё пытанне, — кажа Аляксандр.
Многія работы фатограф здымаў на мабільны тэлефон. Кажа, яму стаў больш цікавы момант, а не тэхніка, якой гэта знята. «Мне вельмі цікава, што я бачу адно, а людзі зусім іншае», — кажа аўтар.
Некаторыя з наведвальнікаў маглі пазнаць сябе ці сяброў на фотаздымках. Але такіх адзінкі. «Я не магу паказваць твары людзей, якія мне вельмі блізкія, якіх я люблю і паважаю. Для мяне гэта цені-паўцені - сілуэты. Я такі ўласнік і эгаіст у гэтым плане».
Саму выставу цікава разглядаць — фатаграфіі розных памераў, хаатычна размешчаныя.
— Я люблю граць формамі, я не прыхільнік аднолькавых фарматаў, дзе ўсё заклеена па сцяне па крузе. У мяне ў галаве намаляваўся такі пазл. Хачу з гэтых маленькіх пазлаў сабраць сваё мінулае, цяперашняе і будучыню — што ў мяне атрымаецца, што пераважыць. Будзе пазітыўная або негатыўная карцінка.
— Што пакуль пераважвае?
— Негатыў, — кажа Аляксандр і няёмка смяецца. — Я сяджу ў цемры, але ў мяне маленькая палоска святла заўсёды ёсць.
"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…