Гродзенскі фатограф Аляксандр Саенка называе выставу “Прыдуманы горад” самай важнай для сябе. Гэтым разам ён паспрабаваў сабраць па пазлах сваё жыццё і знайсці адказы на свае пытанні. І ён вельмі радуецца, калі людзі бачаць у яго метафарах нешта сваё.
Аляксандр Саенка – рэпартажны фатограф. Таксама ён зрабіў некалькі фотагісторый, якія ўздымалі сацыяльныя праблемы: напрыклад, пра тралейбуснае дэпо і бясплатную сталовую для бяздомных. Яго фотаработы прызнаныя – ён браў удзел у многіх выставах у Беларусі і за мяжой, у тым ліку быў пераможцам і прызёрам у «Прэс-фота Беларусі».
А гэтая выстава вельмі асабістая, дзе аўтар даследуе маленькія пазлы свайго мінулага, спрабуе скласці яго і знайсці адказы на свае пытанні. Некаторыя могуць назваць фатаграфіі дэпрэсіўнымі, але сам аўтар кажа, што ў яго заўсёды ёсць палоска святла ў цемры.
– У мяне такое цяжкае сямейнае мінулае і мне заўсёды было цяжка ўспрымаць яго. На фотаздымках прысутнічаюць нейкія жанчыны, дзеці – для мяне вельмі важная сям’я. Заўсёды пакрыта цемрай, што будзе адбывацца далей. Для мяне такая няяснасць: ці будзе ўсё добра, будзе святло або будзе цемра?

– І ў мяне заўсёды ў гэтых фотаздымках прысутнічае такі памежны стан. Я б не сказаў, што дзесьці ў мяне пераважае цемра, дзесьці святло. І я спрабую знайсці раўнавагу. Не хачу скаціцца ў такое, што цемра мяне паглыне – і ўсё. Але яна заўсёды навісае нада мной. І я як паветраны шарык у падвешаным стане – не ведаю, палячу на неба або застануся ў чыіх-небудзь руках трымацца. Для мяне гэта нявырашанае пытанне. І я сваімі выставамі, фотаздымкамі спрабую знайсці адказ на сваё пытанне, – кажа Аляксандр.
Многія работы фатограф здымаў на мабільны тэлефон. Кажа, яму стаў больш цікавы момант, а не тэхніка, якой гэта знята. «Мне вельмі цікава, што я бачу адно, а людзі зусім іншае», – кажа аўтар.
Некаторыя з наведвальнікаў маглі пазнаць сябе ці сяброў на фотаздымках. Але такіх адзінкі. «Я не магу паказваць твары людзей, якія мне вельмі блізкія, якіх я люблю і паважаю. Для мяне гэта цені-паўцені – сілуэты. Я такі ўласнік і эгаіст у гэтым плане».
Саму выставу цікава разглядаць – фатаграфіі розных памераў, хаатычна размешчаныя.

– Я люблю граць формамі, я не прыхільнік аднолькавых фарматаў, дзе ўсё заклеена па сцяне па крузе. У мяне ў галаве намаляваўся такі пазл. Хачу з гэтых маленькіх пазлаў сабраць сваё мінулае, цяперашняе і будучыню – што ў мяне атрымаецца, што пераважыць. Будзе пазітыўная або негатыўная карцінка.
– Што пакуль пераважвае?
– Негатыў, – кажа Аляксандр і няёмка смяецца. – Я сяджу ў цемры, але ў мяне маленькая палоска святла заўсёды ёсць.











