Ужо ў 15-ы раз пад Гродна прайшоў рок-байк-фестываль «Хавайся ў бульбу». Арганізатары кажуць, што свята можа мяняць месца і дату, але не сваю сутнасць. Каб гэтую сутнасць зразумець, мы паглыбіліся ў свет скуры, выхлапаў і тэстастэрону.

На фестываль у Гродне традыцыйна прыязджаюць байкеры не толькі з Беларусі, але і з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Германіі, Англіі, Малдовы. Для іх нават арганізавалі мотаэкскурсіі па горадзе.

– Ніколі не ставім перад сабой мэтай уперціся ў нейкую колькасць наведвальнікаў і яе дасягнуць. Колькі прыедзе – усё добрыя, усіх любім, усіх цэнім, усіх чакаем, – кажа адзін з арганізатараў Павел Матвееў. – Спадзяемся, што каля тысячы байкераў за два дні збяруцца, не лічачы пасажыраў. І не менш людзей з горада.

РСП, Dzieciuki і бясплатныя татуіроўкі. Як прайшоў байк-фэстываль «Хавайся ў бульбу-2019»
Павел Матвееў

На фестывалі за два дні выступілі An Old Town’ Dogzz, К121, «Rammstain-Трибьют», РСП, DZIECIUKI, Kaduk, «ИГО», The GoonzZ, Drum Ecstasy, «Черный обелиск», шоў-праект «MALINA».

– Мы заўсёды пазіцыянавалі «Хавайся ў бульбу» як байк-рок-фэст. То бок, гэта не толькі месца, дзе збяруцца байкеры пасядзець-пабухаць пад якую-небудзь музыку. Не, мы хочам, каб гэта было напоўнена цікавай і разнастайнай музыкай. Мы стараемся прасоўваць сваіх музыкаў – гродзенскіх, беларускіх, і перш за ўсё людзей, які спяваюць і пішуць сваю музыку, ствараюць новы цікавы музычны прадукт. Мы заўсёды гатовы запрасіць цікавы праект, каб прадставіць публіцы, паслухаць самім, і мець дачыненне да будучага поспеху, – тлумачыць канцэпцыю арганізатар.

РСП, Dzieciuki і бясплатныя татуіроўкі. Як прайшоў байк-фэстываль «Хавайся ў бульбу-2019»

Акрамя музыкі, можна было паўдзельнічаць у конкурсах, купіць мерч, нанесці аквагрым, пастраляць у ціры, паесці шашлыка і выпіць чагосьці – стандартны набор такіх мерапрыемстваў. Таксама можна было набіць бясплатную татуіроўку, распрацаваную адмыслова да фэсту. Або скарыстацца прапановамі самой пляцоўкі.

– Другі год праводзім фэст на тэрыторыі турбазы “Дом Рыбака”. Тут прыгожае месца, вялікая пляцоўка. Можна разбіць усё на зоны: дзесьці спакойна смажыць шашлыкі, дзесьці скакаць на батуце, піць на фудкорце ці пад сцэнай адцягвацца пад добрую музыку. Пляцоўка дазваляе любыя рашэнні: хочаш – намётавы гарадок, хочаш – добраўпарадкаваныя нумары. Усё для зручнасці нашых наведвальнікаў, – кажа арганізатар.

На другі дзень па Гродне прайшла мотакалона, якой магло і не быць з-за зменаў у закона аб масавых мерапрыемствах. Тым не менш, традыцыю фестывалю ўдалося захаваць.

– Многія фестывалі тым і добрыя, што яны сталі традыцыяй, – кажа Павел. – Я ведаю і ў Беларусі, і ў іншых краінах, шмат мерапрыемстваў, якія перасягнулі парог 20-годдзя. На іх людзі ідуць, таму што гэта становіцца ўжо і традыцыяй, і месцам сустрэч для многіх. Мы, спадзяюся, таксама перасягнем 20-гадовы парог і станем для многіх такім культавым мерапрыемствам. Якое можа мяняць месца, можа часам зрушыць дату, але не мяняе сваёй сутнасці. Традыцыйнасць у нейкім сэнсе – гэта вельмі нядрэнна.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]