Як распавялі ў галоўным упраўленні аховы здароўя аблвыканкама, сёння яшчэ трое чалавек былі выпісаныя са стацыянара. На дадзены момант на стацыянары ў абласной інфекцыйнай бальніцы знаходзяцца 6 чалавек, паведамляе grodnonews.by.
Медыкі падкрэсліваюць, што тым, хто кантактаваў з хворымі, неабходна неадкладна звярнуцца ў клініку. Лекары рэкамендуюць зрабіць прафілактычную прышчэпку супраць адру. Гэта асабліва актуальна для людзей ва ўзросце ад 18 да 55 гадоў.
Першыя сімптомы захворвання — павышэнне тэмпературы, з’яўленне насмарку, болі ў горле і кан’юктывіт. У пачатку захворвання адзёр падобны на звычайную прастуду. Насцярожыцца варта, калі з’яўляецца характэрны чырвоны сып. Спачатку ён выступае ў вобласці галавы, затым паступова спускаецца ўніз. Паколькі вірус адру устойлівы ў навакольным асяроддзі, чалавек павінен заставацца дома, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцыі. Неабходна выклікаць мэдыка на дом, карыстацца грамадскім транспартам не варта.