У Гродне прапрацоўваецца пытанне стварэння мастацкага музея, разглядаецца некалькі пляцовак для яго размяшчэння. Гэтая тэма абмяркоўвалася падчас асабістага прыёму грамадзян старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым, перадае БЕЛТА.

З ініцыятывай выступілі жыхары Гродна — мастацтвазнаўцы, прадстаўнікі туріндустрыі і абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў. Як вядома, плануецца рэканструкцыя былога палаца культуры тэкстыльшчыкаў, размешчанага на плошчы Савецкай, пад цэнтр культуры. На думку творчай інтэлігенцыі, варта было б адвесці месца пад выставачныя залы, пастаянную экспазіцыю гродзенскіх мастакоў, творчыя майстэрні і студыі.

«Такому музею ў Гродне быць, ініцыятыва добрая, — сказаў Уладзімір Краўцоў. — Дзе, як, за якія сродкі - пытанне патрабуе дэталёвага разгляду. Улічым розныя меркаванні і прымем узважанае рашэнне».

Яшчэ адным з варыянтаў размяшчэння музея прапануецца правае крыло каралеўскага Новага замка. Пакуль там размяшчаецца абласная бібліятэка, аднак неўзабаве яна зменіць прапіску і пераедзе ў былы банкаўскі будынак па вуліцы Карбышава. Мастацкі музей мог бы стаць добрым дадаткам да існуючых ужо экспазіцыяў у Старым і Новым замках. Тым больш што самі замкі досыць прывабныя для турыстаў аб’екты, адзначыў Краўцоў.

У цэнтры Гродна плануецца адкрыць музей прыроды, музей гісторыі горада і рэгіёну ў XX стагоддзі. Прапрацоўваецца і тэма стварэння музейнай экспазіцыі, прысвечанай Васілю Быкаву. Гэтае пытанне таксама ўздымалася падчас прыёму грамадзян.


Мастацкі музей у Гродне: чаму ён павінен паўстаць і як яго падтрымаць ужо зараз