У Гродне рэзка вырасла колькасць аўтамабіляў без тэхагляду, пра што кажа статыстыка аштрафаваных за гэта парушэнне кіроўцаў, піша AutoGrodno.by.
— З пачатку года на тэрыторыі Гродзенскай вобласці складзена каля 13 000 адміністрацыйных матэрыялаў у адносінах да кіроўцаў, якія не прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд. Для параўнання, у мінулым годзе было складзена крыху больш за 8 000 адміністратыўных матэрыялаў за аналагічны перыяд, — пра гэта паведаміў у эфіры «Беларусь 4» Андрэй Цыдзік, начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.
І калі большасць кіроўцаў аддаюць перавагу аплаціць штраф пры сустрэчы з інспектарам ДАІ, то знаходзяцца і такія ўдзельнікі дарожнага руху, хто падроблівае сертыфікаты тэхнічнага агляду. Так у 2018 было зафіксавана 11 выпадкаў падробак, а за першыя пяць месяцаў 2019 году — 4 выпадкі.
Як адзначаюць журналісты «Беларусь 4», да 1 красавіка на станцыях тэхнічнага агляду аўтамабіляў было вельмі мала. Усе кіроўцы чакалі анансаванага рашэння па выплаце дарожнага падатку. Але, ніякага рашэння прынята не было і кіроўцы сталі вяртацца на тэхагляды. Цяпер на станцыі прыязджае па 20−30 машын у дзень.