Першае месца на дыстанцыі 10 км на «Гарадзенскай вандроўцы», якая прайшла ў Гродне 2 чэрвеня, заняў Арцём Логіш. На фінішы ён абагнаў леташняга лідара Ігара Цецярукова.
Арцём Логіш родам з Гродна, 28 гадоў. Прафесійны атлет, бронзавы прызёр Чэмпіянату Еўропы па кросе, двухразовы чэмпіён Беларусі.
«Гэта ўжо як традыцыя — прабегчы гродзенскі старт, у якім у гэтым годзе прыняла ўдзел рэкордная колькасць чалавек. Калі не падманвае статыстыка, то больш за 700 чалавек, — распавядае Арцём. — Надвор'е для шасэйнага бегу было вельмі гарачае. Прафесійныя спартсмены яшчэ нармальна пераносяць такое, але аматарам я б не раіў бегаць у такі час. Сама па сабе траса цяжкая — вельмі шмат уздымаў. А так на мерапрыемстве прыемная атмасфера, людзі бягуць і ўсе адзін аднаго падтрымліваюць».
Арцём другі раз удзельнічаў у «Гарадзенскай вандроўцы». У мінулым годзе ён выпусціў перамогу на фінішы, быў чацвёртым. Сёлета ўдалося ўзяць рэванш у калег.
«Мы часта спаборнічаем з Ігарам Цецяруковым (у мінулым годзе быў першым на дыстанцыі 10 км). Беглі разам па дыстанцыі. Мне 28, а Ігару 41. На фінішы я трохі хутчэйшы быў. Але тым не менш Ігар не здаваўся. Дай Бог, каб я ў такім жа ўзросце бегаў як ён і канкураваў з маладымі.
Сёння мая жонка ўпершыню бегла 5 км. Я вельмі перажываў, што хуткая будзе ляцець за ёй, бо бегала яна раней па 3−4 км. Але перш за ўсё хачу сказаць гродзенцам, каб усе спадзяваліся на свае сілы, не трэба за кімсьці цягнуцца, а трэба бегчы па адчуванні. Дрэнна становіцца з-за таго, што людзі сябе пераацэньваюць. Трэба трэніравацца загадзя, а не за тры дні. Нетрэніраваны чалавек можа прынесці сабе шмат шкоды", — дадаў Арцём.