Ліса зайшла на адзін з прыватных падворкаў. Сабакі, запрыкмеціўшы няпрошаную госцю, накінуліся на яе і загрызлі. Аб тым, што здарылася, гаспадары паведамілі ў ветслужбы, піша rgazeta.by.
Вынікі лабараторных даследаванняў пацвердзілі дыягназ шаленства ў драпежніцы. На працягу двух месяцаў у ачагу будуць праводзіць супрацьэпізаатычныя і супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. У іх уваходзіць і пазапланавы адлоў бадзяжных жывёл і вакцынацыя хатніх гадаванцаў.
Падрабязнасці таго, што адбылося, распавяла ветлекарка-эпізаатолаг Гродзенскай райветстанцыі Вольга Трафімава.
У Гродзенскім раёне гэта чацвёрты выпадак шаленства ў бягучым годзе. Першы быў зарэгістраваны ў вёсцы Дубніца Падлабенскага сельсавета, другі - у Васілевічах Сапоцкінскага сельсавета, трэці - у Карашава Скідальскага сельсавету. Небяспечнае захворванне выяўлялася ў ліс.