Вучні беларускамоўных класаў СШ № 32 правялі разам з настаўнікамі капуснік пад назвай «Год з роднай мовай». Ён стаў творчай справаздачай хлопчыкаў і дзяўчат за бягучы год, паведамляе grodnonews.by.
Школьнікі, іх бацькі і настаўнікі паказалі свае творчыя здольнасці ў разнастайных формах — чыталі вершы, спявалі, жартавалі і нават гралі ў тэатралізаваных пастаноўках.
— Мы атрымалі сапраўдную асалоду ад сённяшняга мерапрыемства, — расказвае маці вучня СШ № 32 Адама Загідуліна. — Мой сын ужо пяты год вучыцца на беларускай мове, і за ўвесь гэты час мы, бацькі, ні разу яшчэ не пашкадавалі аб тым, што некалі абралі беларускую мову для навучання свайго дзіцяці. Паколькі клас невялікі, настаўнік мае магчымасць працаваць кожны ўрок з кожным вучнем. Пра якасць адукацыі сведчыць і той факт, што трое дзяцей з нашага класа, якія прынялі ўдзел у розных раённых алімпіядах, атрымалі дыпломы першай і другой ступеняў.
Сярэдня школа № 32 — адна са школ у Ленінскім раёне, дзе функцыянуюць беларускамоўныя класы і створаны філіял кафедры беларускай філалогіі купалаўскага ўніверсітэта. Дзякуючы гэтаму, вучні ўжо з першага класа з’яўляюцца ўдзельнікамі розных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ГрДУ імя Янкі Купалы.
Cваё навучанне ў беларускамоўных класах працягваюць нават тыя вучні, якія раней жылі паблізу і таму былі залічаны ў гэтую школу, але потым разам з бацькамі змянілі месца жыхарства. На заняткі сюды спяшаюцца рабяты з Альшанкі, Вішняўца і іншых кропак горада. Увогуле, у школе навучаюцца вучні пяці беларускамоўных класаў і два вучня, якія займаюцца асабіста па сваім пажаданні і пажаданні іх бацькоў.