Брыгады хуткай дапамогі з Гродна, Мінска і Беластока сабраліся 22-23 мая на прафесійныя спаборніцтвы, што прайшлі на базе адпачынку “Купалінка”. Гэта першыя спаборніцтвы лекараў “хуткай” з Гродзенскай вобласці, якія праходзяць у адкрытым фармаце. Усе брыгады атрымлівалі “ўводныя” і выязджалі на выклікі. Амаль кожнае выпрабаванне мела нечаканы паварот сюжэта, які патрабаваў ад удзельнікаў імгненнай рэакцыі і зладжанай працы. Hrodna.life назіраў, як праходзіць выпрабаванні каманда 7-й падстанцыі хуткай дапамогі з Мінска – лекар Яўген Юдакоў і фельдшары Аляксандр Лінчык і Міхаіл Крыцкі.

Па словах удзельнікаў, прапанаваныя сітуацыі былі набліжанымі да рэальных. Праўда, так шмат нечаканасцяў за адно дзяжурства выпадае рэдка. Калі прыехалі дапамагаць жанчыне на першым выкліку, аказалася, што разам з ёй пацярпела і дзіця. Далей – хлопец нібы проста ўпаў, а пры даследванні сітуацыі пабачылі, што ўдарыўся аб вялізны камень. На наступным – легенду закруцілі так, выехаўшы на магчымае атручванне з папярэджанем “неадэкватныя паводзіны”, лекарам давялося ратаваць уласнага калегу.
У ролі “пацярпелых” выступалі таксама медыкі з хуткай дапамогі і студэнты, хаця на першы погляд падавалася, што гэта прафесійныя акторы. Кажуць, што сітуацыі былі жыццёвыя, бачыць падобныя даводзілася не аднойчы.










