З 20 мая ў раёнах Беларусі, якія мяжуюць з Літвой, Польшчай і Латвіяй, з самалётаў раскідваюць блістэр-прынады з вакцынай, піша t*t.by са спасылкай на ветслужбу Гродна.
Прынады з вакцынай ад шаленства скідаюць з самалётаў, за выключэннем населеных пунктаў і вадаёмаў. Такім чынам праводзяць аральную імунізацыю дзікіх драпежных жывёл.
Мясцовым жыхарам раяць пазбягаць зоны палётаў, каб не атрымаць траўму.
Самалёты, з якіх раскідваюць прынады, будуць лётаць на вышыні 150−200 м з хуткасцю 150−180 км / ч, адлегласць паміж паралельнымі лініямі палётаў самалёта — 500 м. Прынад будзе каля 24 на 1 кв.м, удакладняе ostrovets.by.
Прынада выглядае як брыкет шэрага ці цёмна-карычневага колеру масай да 30 г., мае спецыфічны пах, у яе ўключана капсула з вакцынай.
Падбіраць прынады і карміць імі хатніх жывёл забараняецца, папярэдзілі ў ветслужбе.
Пры выпадковым пападанні вакцыны на адкрытыя часткі цела ці слізістыя абалонкі вачэй, рота ці носа іх неабходна прамыць вадой, апрацаваць 2% растворам пітной соды і звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя, раяць ветлекары.