Памежнік кантрактнай службы Мікалай Гудзіма засіліўся ў ноч на 12 траўня. Ён служыў кіроўцам у Смаргонскай памежнай групе, піша s**boda.org.
Прапаршчыку Мікалаю Гудзіму было 33 гады. У яго засталіся жонка, двое дзяцей, бацькі.
Як расказаў стрыечны брат нябожчыка Юры, 11 траўня Мікалай быў на дні народзінаў сваёй хрэсніцы ў Смаргоні. Пасля свята яны паехалі начаваць у бацькоўскі дом у Солах Смаргонскага раёну. Раніцай цела мужчыны ў гаспадарчай прыбудове знайшоў бацька.
Аб прычынах смерці сваяк не бярэцца казаць і не ведае, ці яна неяк звязаная са службай.
Вядома, што перад смерцю Гудзіма пакінуў запіску."Люблю жонку, дзяцей. Гэта нейкія сурокі. Воля [жонка загінулага], прадавай кватэру і з’яжджай з гэтага гораду. Мама, тата, дзякуй за ўсё", — па памяці пераказвае апошнія словы нябожчыка Юры.
Юры кажа, што і бацька Мікалая казаў, нібыта яму падкідвалі лялек, якія наводзяць чары.
Сям’я Гудзімаў, па словах брата, была добрай, заможнай, Мікалай алкаголем не злоўжываў. Яны нядаўна набылі кватэру ў Смаргоні. Жонка таксама служыць у Смаргонскай памежнай групе.
Пахаванне адбудзецца 14 траўня ў вёсцы Солы Смаргонскага раёну.
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі пацвердзіў, што 12 траўня ў 6.30 раніцы па месцы жыхарства бацькоў знойдзена цела вайскоўца-кантрактніка Мікалая Гудзімы.
«Прапаршчык Мікалай Гудзіма па службе характарызуецца станоўча. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта суіцыд, не звязаны са службовай дзейнасцю прапаршчыка. Працуе следчая аператыўная група, якая высвятляе прычыны і абставіны трагедыі. Іншых падрабязнасцяў пакуль паведаміць не можам. Дзяржаўны памежны камітэт выказвае свае спачуванні сям'і і аказвае дапамогу», — паведаміў палкоўнік Антон Бычкоўскі.
У 2017 годзе ў Смаргоні застрэліўся малады афіцэр-памежнік.