З сакавіка пачала функцыянаваць новая версія сайта органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якая ўключае ў сябе модуль «Асабісты кабінет». Пасля рэгістрацыі на сайце карыстальнікі атрымліваюць магчымасць карыстацца онлайн-сэрвісамі МУС, сярод якіх і інфармаванне пра штрафы, паведамляе прэс-служба МУС Рэспублікі Беларусь.

Па ініцыятыве Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі зарабіў сэрвіс, які дазваляе правяраць наяўнасць запазычанасці па штрафах, а таксама атрымліваць апавяшчэнні пра іх у асабісты кабінет і на адрас электроннай пошты.

З канца красавіка ў тэставым рэжыме праводзіцца рассыланне апавяшчэнняў зарэгістраваным карыстальнікам аб вынясенні пастаноў па фактах парушэнняў ПДР, зафіксаваным у аўтаматычным рэжыме.

Умовай для атрымання паведамлення аб штрафах па фотафіксацыі парушэнняў ПДР з’яўляецца рэгістрацыя на сайце АУС у модулі «Асабісты кабінет». Зарэгістраванай асобе не спатрэбіцца ўказваць рэгістрацыйны знак яго транспартнага сродку, бо праверка праводзіцца па асабістым нумары ўласніка.

У выпадку вынясення пастановы ўласніку транспартнага сродку, зарэгістраванаму на сайце, на адрас электроннай пошты прыходзіць апавяшчэнне. У «Асабістым кабінеце» можна атрымаць падрабязную інфармацыю пра штраф (рэгістрацыйны нумар пастановы, сума, дата), а таксама інструкцыю аб тым, дзе і як можна яго аплаціць.

Штрафы па лініі ДАІ аплачваюцца выключна з дапамогай сістэмы «Разлік» АРІП.