Святар Свята-Пакроўскага сабора Уладзімір Пятручык у сваім фільме “Маўклівыя сведкі” распавёў пра іконы навамучанікаў, якія з’явіліся ў храме ў 2007 годзе. Яны паказваюць пакуты святароў у гады савецкага змагання з рэлігіяй.
Ідэя напісаць такі іканаграфічны шэраг належала архіепіскапу Гродзенскаму і Ваўкавыскаму Арцемію.
«Новыя іконы ў Свята-Пакроўскім саборы ўнікальныя па стылі напісання і малюнка. Сюжэт некаторых распрацаваны ўпершыню. Пра гэтыя выявы сёння важна распавядаць, гэта наша гісторыя, і на мой погляд, яны адлюстроўваюць правільную гісторыю – як усё было насамрэч», – распавёў Уладзімір Пятручык.
Прадмова да фільма
Фільм “Маўклівыя сведкі” будзе цікавым для людзей рознага пакалення і рознага веравызнання, паколькі праз аповед пра гісторыю напісання ікон навамучанікаў адбываецца асэнсаванне самой гісторыі ХХ стагоддзя. Вядома, што без глыбокага і сумленнага асэнсавання досведу навамучанікаў і вызнаўцаў мы не можам спадзявацца на тое, што хваробы мінулага пакінуць нас у сучаснасці. А ад таго, у якой меры здабыткі подзвігу святых навамучанікаў і вызнаўцаў асэнсаваны і ўспрыняты ўсімі намі – і святарамі, і міранамі – залежыць будучая гісторыя і Царквы, і дзяржавы.


