Раней паведамлялася, што кліенты Белінвестбанка з 13 мая будуць плаціць камісію за тое, каб зняць больш за 500 рублёў на суткі і 1500 рублёў на месяц. Планавалася таксама, што платным стане прагляд балансу — пачынаючы з чацвёртага разу. Аднак цяпер стала вядома, што ў банку адмовіліся ад першапачатковых планаў, піша vgr.by.
Як распавялі ў кантакт-цэнтры Белінвестбанка, рашэнне аб уводзе лімітаў і камісіі за прагляд балансу адменена.
З 2 мая без камісіі максімальная сума для зняцця наяўных у банкаматах банка і партнёраў павінна была складаць 500 рублёў на суткі, а на месяц — 1500 рублёў. У выпадку перавышэння збіраліся спаганяць камісію — 0,5% ад сумы (мінімум 2 беларускія рублі) у валюце, у якой адкрыты рахунак.
Акрамя таго, з гэтага дня планавалася, што кліенты банка змогуць бясплатна праглядаць баланс у банкаматах і інфакіёсках не больш як тры разы на месяц — за наступныя прагляды трэба будзе плаціць 25 капеек. Асноўнай прычынай, чаму ўвялі падобныя абмежаванні, у банку называлі павышэнне фінансавай бяспекі кліентаў.
Неўзабаве банк пайшоў на саступкі - перагледзеў ліміты ў бок павелічэння. Сутачныя ліміты зусім адмянілі, а месячныя паднялі да 5000 рублёў, 2500 даляраў, 2500 еўра і 150 тысяч расійскіх рублёў. Пры гэтым увод новых правілаў перанеслі на 13 траўня, а 14 траўня стала вядома, што ўсе анансаваныя меры будуць адмененыя.