19 лютага ў Гродне дэмантавалі помнік Чапаеву для рамонту. У красавіку стала вядома, што яго не вернуць на пастамент. Расійскае ІА Чырвоная Вясна зрабіла запыт у МЗС РФ. Яны адказалі 13 мая, што дэмантаж бюста народнага героя Грамадзянскай вайны В. І. Чапаева ў Гродне не з’яўляецца «барацьбой з савецкімі манументамі».
У МЗС Расіі адзначылі, што старанна адсочваюць падзеі ў замежных краінах, звязаныя са спробамі перапісаць гісторыю, каб дагадзіць сваім кан’юнктурным інтарэсаў, сцерці з народнай памяці сапраўдных герояў мінулага і ўключаюць такія дзеянні як дэмантаж помнікаў, перайменаванне вуліц і іншыя. Таксама ў знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што для Беларусі «падобныя праявы не характэрныя, нягледзячы на асаблівае меркаванне па шэрагу гістарычных сюжэтаў».
«МЗС Расіі і Пасольства Расіі ў Мінску звярнулі ўвагу на факт дэмантажу бюста народнаму герою В. І. Чапаеву ў Гродне. Адзначылі негатыўнае ўспрыманне таго, што адбылося з боку гродзенцаў, асабліва старэйшага і сярэдняга веку, а таксама расійскіх суайчыннікаў», — растлумачылі ў ведамстве.
«23 красавіка с. г. супрацоўнік расійскага Пасольства сустрэўся з прадстаўнікамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. У ходзе гутаркі дадзены тлумачэнні, што помнік сапраўды дэмантаваны для правядзення рэстаўрацыйных работ і па іх заканчэнні яму будзе знойдзена годнае месца ў адным з гарадскіх музеяў. Акрамя таго, атрыманы запэўненні, што прынятыя меры не з’яўляюцца „барацьбой з савецкімі манументамі“, паколькі пераважная большасць савецкіх назваў тапанімічных аб’ектаў як у сталіцы, так і ў іншых населеных пунктах Беларусі не мяняліся апошнія 25 гадоў», — заявілі ў МЗС РФ.
Таксама ў МЗС падкрэслілі, што працягваюць сачыць за далейшым развіццём падзей і трымаць гэтае пытанне на кантролі.