Вішню пры ходніку ламалі экскаватарам, бо, як адказалі будаўнікі, не было пілаў. Гэта адбылося ў суботу 11 мая, на будоўлі па вуліцы Вялікай Траецкай. Будаўнічы ўчастак размешчаны паміж рамеснай крамай “Лёля” і домам №11.
Як адказалі будаўнікі прадавачцы крамы, што стала сведкай, ніжнія галіны заміналі працы, а пілаў у працоўных не было. Паводле праекта, дрэва, якое знаходзіцца на мяжы будаўнічага ўчастка, мусіць быць захаванае, але не прынята аніякіх мераў па яго захаванні.


“Гаспадар участка ў прынцыпе за захаванне, але ён не будзе сачыць за працай будаўнікоў. І цяпер капаюць ля самых каранёў”, – тлумачыць Дар’я Фядотава, гаспадыня крамы “Лёля”, каля ганку якой расце дрэва.



Дар’я плануе звяртацца ў Інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Летась да гадавіны працы крамы майстрыцы “апранулі” вішню ў карункі, праз што яна ператварылася ў гарадскі арт-аб’ект. Гэта адзінае дрэва на некалькі дамоў уздоўж вуліцы.








