Віктар Шалкевіч, гродзенскі бард і актор, падзяліўся на vgr.by сваімі ўспамінамі, якім быў Дзень Перамогі ў 60-х гадах.
Наколькі я памятаю, Дзень Перамогі святочным днём быў не заўсёды…
У шасцідзясятыя гады па вуліцах майго мястэчка Поразава хадзіла (альбо швэндалася — як каму падабаецца) значная колькасць адметных людзей, не заўсёды цвярозых і добра апранутых.
Мы, малыя, убачыўшы такога незвычайнага госця, заўсёды збіраліся купкай каля яго і глядзелі, што ён будзе чаўпсці. Аднаго такога я памятаю дагэтуль, ён меў страшэнна скалечаны твар, дакладней, палову твару, апрануты быў у зацёганую марынарку, такія ж нагавіцы, упраўленыя ў боты, але на марынарцы, з правага боку, акуратна прышпіленыя ў рад, блішчэлі самыя сапраўдныя ардэны і медалі.
Чалавек той, добра падпіты, плёў абы што, расшпільваў і зашпільваў гузікі, калываўся на нагах, падаў, уставаў, зноў падаў, зноў уставаў, лаяўся з некім невідочным ворагам, час ад часу ганяўся за намі, і мы, страшэнна перапалоханыя, разбягаліся па хатах. Што з ім сталася, які яго далейшы лёс, я не ведаю. Ён быў-быў, хадзіў па вуліцах і прапаў…
Другі ветэран ездзіў на інвалідскім вазку: не было ног па калені. Ён, чамусьці, не любіў, калі хто сьвішча, і лаяў і гнаў свістуна неміласэрна, таму жорсткія і бессардэчныя падшыванцы выбіралі іншую тактыку: яны хаваліся за рагом крамы альбо хаты і пачыналі адтуль свістаць, ад чаго той інвалід у калясцы круціў колы то ўзад то ўперад, стараючыся ўбачыць, дзе хаваецца крыўдзіцель…
Трэці не меў рукі…Чацвёрты — нагі… Яшчэ нехта хадзіў без вока…
Іх было вельмі многа, неабстраляных тутэйшых хлапчукоў, забраных у войска і трапіўшых у самае пекла ці пад Варшавай, ці пад Познанем, ці пад Берлінам. Іх сябры ці аднавяскоўцы засталіся ляжаць у брацкіх магілах, а гэтым пашанцавала — яны вярнуліся!
Скалечаныя, але жывыя…
Ніякіх асаблівых ільготаў ці прэферэнцыяў яны не мелі, мне так здаецца. Іх многа тады было, вельмі многа… Дзе ж на ўсіх набярэшся ільготаў?
hrodna.life/2019/02/28/eto-golos-garodni-grodnencyi-rasskazali-shto-dlya-ih-znachit-shalkevich/
Брацкая салдацкая магіла знаходзіцца ў цэнтры Поразава на скрыжаванні галоўных вуліц. Стаіць на ёй тыповы помнік, такіх помнікаў нават па вобласці можна знайсці некалькі.
Раней на месцы магілы знаходзіліся хрысціянскія і жыдоўскія хаты, якія згарэлі ў вайну. Хто вырашыў зрабіць могільнік пасярэдзіне мястэчка, невядома. Але зрабілі…
Паабапал брацкай магілы раслі здаўна велізарныя старыя бярозы, на якіх вілі гнёзды і актыўна пладзіліся і множыліся чорныя вароны. Дзе вароны — там смурод, там бруд, там усё!
І таму нашыя паразоўскія пажарнікі напярэдадні Дня Перамогі змывалі вароніны гнёзды вадою са шлангаў… Вэрхал стаяў неміласэрны, вароны-бацькі адчайна і галосна крычалі, лётаючы ўгары. На ходніку валяліся малыя голыя здохлыя вараняты, пабітыя яйкі…
На пару дзён усё заціхала, а менавіта гэты эфект і быў патрэбны, але праз тыдзень вароны з падвойнаю сілаю пачыналі нанова будаваць новыя гнёзды, выводзіць вароніных дзяцей. І так штогод! Потым нехта здагадаўся і даў загад спілаваць бярозы! І скончылася эпапея з варонамі назаўсёды!
Збіраліся на дзень Дзявятага Мая перад помнікам мясцовыя ўлады: старшыня пасялковага Савета, нейкія партыйныя дзеячы, прыязджаў хтосьці важны з раённага камітэту партыі, прыходзілі святочна апранутыя ветэраны з баявымі ўзнагародамі, бо- юбілейных тады яшчэ не было, падыходзілі местачкоўцы.
Нехта гаварыў, нехта рэцытаваў вершы, абавязкова зачытваўся спіс загінулых, імя, прозвішча, год народзінаў. Потым несліся кветкі, абавязкова жывыя, а таксама самаробныя вянкі…Час ад часу запрашаўся духавы аркестр, які граў «Славянку» ці яшчэ нешта, стасоўнае да сітуацыі.
Не было моды тады на штучныя пластыкавыя вянкі. Збіваўся на прадпрыемстве драўляны трохкутнік, на якім замацоўваліся яловыя лапы і папяровыя кветкі. Вось і ўсё. Такі вянок праз пару тыдняў можна было спаліць у качагарцы, не забруджваючы паветра.
Людзі разыходзіліся пасля мітынгу хто куды: тыя дахаты, тыя ў «Чайную».
Не было тады свята пафасным, прапагандысцкім ці ўра-патрыятычным. Свята хутчэй гучала мінорна і сумна.
Вайна дваццаць год таму як скончылася, але людзі яшчэ памяталі, ЯКОЮ яна была і ШТО тады нарабілася…
І КОЛЬКІ гэта каму каштавала. Аднаму — палову твару, другому — рукі, трэцяму — нагі, чацвёртаму — вока.
Дык добра, што жывыя вярнуліся! А колькі не…
Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…