На цэнтральнай плошчы Смаргоні на Гродзеншчыне знеслі помнік Леніну перад будынкам райвыканкаму. Ленін стаяў тут з 1970-х. П’едэстал таксама дэмантавалі, піша s**boda.org.
Як паведамілі С**бодзе ў раённай камунальнай службе, Ленін мае вярнуцца на сваё месца ўвосень, калі ў горадзе пройдуць абласныя «Дажынкі», прызначаныя на 17 лістапада 2019 году. У рамках падрыхтоўкі да іх райвыканкам прыняў рашэньне адрэстаўраваць помнік Леніну.
Выдаткі на гэтыя мэты не раскрываюцца, праект таксама. Пакуль скульптура знаходзіцца на базе раённай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Адмыслоўцы выказваюць думку, што аўтарам смаргонскага Леніна быў савецкі скульптар Сяргей Мяркураў — менавіта пад яго кіраўніцтвам былі створаныя шматлікія помнікі Леніну, Сталіну ды іншым камуністычным дзеячам па ўсім СССР.
У Беларусі ёсьць падобныя працы ў іншых гарадах, што дае падставу казаць пра тыповую форму. Падчас так званага «ўкраінскага ленінападу» былі зрынутыя тысячы такіх статуй, у тым ліку помнік работы Мяркурава на Бесарабскай плошчы ў Кіеве.
Помнік Леніну на высокім пастамэнце зьявіўся ў цэнтры Смаргоняў у 1972 годзе, апошнім часам ён быў моцна занядбаны. З усіх бакоў яго атачаюць культавыя збудаваньні: касьцёл сьвятога Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор XVI стагодзьдзя), хрысьціянскі адукацыйны цэнтар пры ім, а таксама праваслаўная Спаса-Праабражэнская праваслаўная царква на месцы разбуранай у Першую ўсясьветную вайну.
Смаргонскі Ленін ня ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, з кожным годам ён выглядаў усё менш прэзэнтабэльна. Але адмовіцца ад савецкай спадчыны, якая ня мае ні мастацкай, ні культурнай каштоўнасьці, раённая адміністрацыя не захацела.
На форуме Смаргонскай раённай газэты «Сьветлы шлях» некаторыя жыхары гораду выказваюцца за знос гэтага помніка і сьцьвярджаюць, што замест Леніна варта ўшанаваць, напрыклад, Станіслава Радзівіла, заснавальніка знакамітай «мядзьведжай акадэміі» ў Смаргонях.