Прапрацоўваецца пытанне арганізацыі рэйсаў венгерскай бюджэтнай авіякампаніі Wizz Air з аэрапорта ў Гродне. Пра гэта сёння ў час сустрэчы са старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым паведаміў пасол Венгрыі Жолт Чутора, перадае БЕЛТА.
Пасол упершыню наведаў Гродзенскі рэгіён. Ён адзначыў, што ў цэнтры яго ўвагі ўсе магчымасці для развіцця двухбаковых адносін — супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, прамысловасці, гандлю, культуры і турызму.
«Ёсць і канкрэтныя планы. Напрыклад, зараз вядуцца перамовы аб арганізацыі з Гродзенскага аэрапорта рэйсаў венгерскай авіякампаніі Wizz Air. Мы бачым, што гэта узаемную цікавасць», — адзначыў Жолт Чутора. Ён падкрэсліў, што Гродна можа стаць прывабным напрамкам для турызму.
«Тым больш у нас ёсць і агульныя старонкі ў гісторыі. Гаворка перш за ўсё пра караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які быў значнай гістарычнай фігурай і для Венгрыі.
Зараз у Гродне аднаўляецца каралеўскі замак, ёсць яго рэзідэнцыі і ў нашай краіне. Такія сувязі маглі б стаць адпраўным пунктам у наладжванні супрацоўніцтва», — сказаў Жолт Чутора. Венгерскі бок гатовы паўдзельнічаць у рэканструкцыі замка.