Аўгустоўскі канал і Белавежскую пушчу плануюць звязаць кальцавым веломаршрутам па тэрыторыі Беларусі і Польшчы, піша belta.by са спасылкай на ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

Маршрут пабудуюць у рамках міжнароднага праекта «Белавежа Вела», папярэднія дамовы ўжо ёсць. Задзейнічаны ў ім будуць Брэсцкая і Гродзенская вобласці і Падляскае і Люблінскае ваяводства.

Маршрут пройдзе ад Гродна да Свіслачы, праз Белавежскую пушчу выйдзе да пункта пропуску «Перароў-Белавежа» і далей па тэрыторыі Польшчы вернецца да Аўгустоўскага канала.

«Асаблівую актуальнасць стварэнне веламаршрута набывае ў святле магчымага аб’яднання гродзенскай і брэсцкай бязвізавых зонаў. Упэўненыя, ён будзе запатрабаваны ў турыстаў», — адзначылі ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

У гэтым турыстычным сезоне запрацуе беларуска-польскі маршрут «АўгустВела» працягласцю каля 60 км. На беларускай частцы ён злучыць пункт пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустоўскім канале і Гродна. Уздоўж маршрута зроблены месцы адпачынку, інфармацыйныя стэнды. Праз польскую частку маршрута Аўгустоўскі канал будзе ўключаны ў міжнародную еўрапейскую сетку роварных маршрутаў.

З 1 мая пачне працу сезонны рачны пункт пропуску «Лясная-Рудаўка» на беларуска-польскай мяжы, у раёне шлюза Дамброўка адкрыюцца аб’екты грамадскага харчавання. Ужо адкрыты пункты пракату.


hrodna.life/2019/04/15/avgustovskiy-kanal-otkryil-sezon/