Калегіяй Міністэрства культуры 25 красавіка 2019 года прынята рашэнне аб наданні статуса “Культурная сталіца года” ў 2020 годзе гораду Лідзе Гродзенскай вобласці, піша kultura.by.

На працягу года ў рамках акцыі ў Лідзе будуць рэалізаваны шматлікія праекты, сярод якіх музейна-асветніцкі праект “Замак Гедыміна – сведка мінуўшчыны”, маладзёжны фестываль андэграўнднага мастацтва “Нетыпічны PARADIS”, абласны фэстываль маладзёжных субкультур “Моладзевая хваля”, адкрыты фестываль-конкурс мастацкай творчасці “Арт-тэрыторыя” і іншыя значныя культурныя мерапрыемствы.

– З’явяцца новыя сумесныя з рэспубліканскімі ўстановамі культуры праекты, пашырыцца супрацоўніцтва з рэспубліканскімі музеямі. Не выключаем і магчымасці правядзення фестывалю нематэрыяльнай культуры, які аб’яднае ўсю краіну. Яго аналаг не першы год існуе ў нашай вобласці – гэта рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гарадзеншчыны”, – паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

На званне культурнай сталіцы краіны нараўне з Лідай прэтэндавалі Глыбокае, Горкі і Барысаў. Паводле ацэнкі спецыялістаў, інфраструктура, сетка ўстаноў культуры і аб’екты культурнай спадчыны Ліды занялі лідзіруючую пазіцыю ў свайго роду культурным спаборніцтве.

У райцэнтры навіну ўспрынялі з вялікай радасцю, але прызнаюцца – лічаць такое рашэнне заканамернасцю. Зусім не таму, што шчыра любяць родную Ліду, а таму, што ганарацца многім, што тычыцца культурнага жыцця іх горада.

Даведка

Рэспубліканская акцыя “Культурная сталіца года” праводзіцца Міністэрствам культуры і зацікаўленымі з 2010 года. У кожным з гарадоў, якія былі абвешчаны культурнай сталіцай, рэалізуюцца інавацыйныя праекты па прэзентацыі культурнай самабытнасці гэтых гарадоў, развіцці і папулярызацыі традыцый і дасягненняў нацыянальнай культуры, актывізацыі творчай ініцыятывы, павышэнні турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў. Галоўная мэта – пазнаёміць жыхароў краіны з лепшымі дасягненнямі нацыянальнай культуры, прыцягнуць айчынных і замежных турыстаў у рэгіёны.

Першым статус культурнай сталіцы Беларусі ў 2010 годзе атрымаў горад Полацк. У 2011 годзе эстафету прыняў Гомель, затым Нясвіж (2012), Магілёў (2013), Гродна (2014), Брэст (2015). У 2016 годзе тытул “Культурнай сталіцы Беларусі” насіў Маладзечна, у 2017 годзе – Бабруйск, у 2018 – Наваполацк. Носьбітам ганаровага статусу 2019 года з’яўляецца Пінск.