У культурным цэнтры «Фестывальны» неўзабаве з’явіцца аб’ект грамадскага харчавання. Знайсці ўласніка для будучага кафэ або рэстарана ў будынку на Тэльмана, 4 плануюць на адкрытым аўкцыёне, піша vgr.by.
Установа размесціцца на першым паверсе цэнтра і зойме плошчу ў 85 кв. метраў. З вокнаў будзе адкрывацца від на вуліцу Тэльмана.
Пачатковы кошт памяшкання складае 361 рубель, гэта менш чым 200 долараў. Таргі пройдуць 21 мая, распавялі ў Гродзенскім гарвыканкаме.
Даведка
Раней у будынку на Тэльмана, 4 размяшчаўся аддзел крымінальнай міліцыі. Культурны цэнтр «Фестывальны» адкрылі падчас Фестывалю нацыянальных культур у чэрвені 2018 года. Там зрабілі музей Фестывалю і музей Гродна. Жамчужынай экспазіцыі стаў макет горада, які ўяўляе сабой сумесь розных эпох, пачынаючы ад таго, як выглядалі будынкі XII стагоддзя і заканчваючы сталінскай забудовай савецкіх часоў. Гэта вынік 10-гадовай карпатлівай працы вядомага гродзенскага краязнаўцы Ігара Лапехі.