Званок паступіў у аператыўна-дзяжурную службу Ленінскага райаддзелу міліцыі ў 9.20 раніцы. Мужчына патэлефанаваў і расказаў супрацоўнікам аб небяспецы ў будынку ААТ «Радыёхваля». Паводле яго слоў, памяшканне замініравалі, піша grodnonews.by.

На месца выехалі супрацоўнікі міліцыі, МНС, машына хуткай медыцынскай дапамогі, сапёрная служба. Эвакуіравалі 156 чалавек. Трынаццаціпавярховы будынак прадпрыемства быў агледжаны, небяспечных выбуховых прыладаў не выяўлена. Пытанне пра рэальную пагрозу жыццю і здароўю грамадзян не стаяла, паведамілі ў прэс-службе УУС аблвыканкама.

Да 12.06 у будынак нікога не пускалі. Працаўнікі прадпрыемства, якія прыйшлі на чарговую працоўную змену да 12-й гадзіны, чакалі каля ўваходу. Зараз супрацоўнікі завода ўжо змаглі прыступіць да працы. Матыў непраўдзівага паведамлення аб мініраванні пакуль не вядомы.

Пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў асоба грамадзяніна, які паведаміў пра пагрозу, была ўсталяваная. У здзяйсненні дзеі падазраецца мясцовы жыхар 1965 года нараджэння. Зараз у дачыненні да мужчыны прызначаны адпаведныя экспертызы. Яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка.