16 красавіка актывісты з АГП Мікалай Салянік і Павел Драчоў падалі ў выканкам заяву на правядзенне альтэрнатыўнага мерапрыемства на 1 мая — Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных.

Мерапрыемства запланавана ў Каложскім парку. Актывісты лічаць, што афіцыйныя мерапрыемствы не адлюстроўваюць сэнс свята.

— Святкаваць гэта добра, але мы сваім мерапрыемствам хочам нагадаць грамадству аб сапраўднай сутнасці гэтага свята. Свет не стаіць на месцы, чалавецтва развіваецца і змяняецца сутнасць працы, а таксама месца і роля працоўнага чалавека ў свеце. Працоўны сёння гэта не толькі той, хто стаіць каля станку. Гэта і прадпрымальнік, і інтэлігент — распрацоўшчык ІТ, і грамадскі актывіст. Новыя выклікі і патрабаванні стаяць перад сучаснымі працоўнымі. Для годнага жыцця працоўных патрэбны годныя магчымасці працаваць і зарабляць, — расказвае Мікалай Салянік.