Для Андрэя Лянкевіча выстава – асабісты праект. “У нашай сям’і ніхто не ваяваў. Таму для мяне заўсёды было вялікае пытанне: чаму Другая сусветная вайна займае такую вялікую частку падзеяў, святкаванняў у Беларусі”. Так ён пачаў збіраць сваю калекцыю аб’ектаў. А яны адлюстравалі памяць і інтэрпрэтацыю вайны ў беларускім і не толькі грамадстве.

Пра асабістае

Праект  “Бывай, Радзіма” змяшчае фотаздымкі, аб’екты, дакументы, якія ілюструюць падзеі, пункты гледжання ці факты пра Другую сусветную вайну.

– Усё пачалося з Брэсцкай крэпасці, бо бацька там служыў. І гэта такі пункт, адкуль усё пачынаецца. Гэта [надпіс] напісалі людзі, якія змагаліся ў Брэсцкай крэпасці. Адзін з іх напісаў “Прощай, Родина” на сцяне, калі паміраў. І для мяне важна, што гэтага надпісу больш няма ў Брэсце. Яго выразалі і завезлі ў Маскву. Ён там захоўваецца з кавалкам сцяны ў музеі. Так працуе ў імперыях – усё забіраецца ў цэнтр і там размяркоўваецца. Гэта адзін з самых галоўных беларускіх надпісаў, а яго ў нас няма, – расказвае Андрэй.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

– Адзін з самых важных элементаў выставы – частка, каторая тычыцца жонкі Волі. У яе ў сям’і іншая гісторыя – бабуля і дзядуля дайшлі да Берліна разам. Можна пабачыць сапраўдную пахаронку, якую дасылалі з фронта. Брат дзеда пайшоў на вайну і на трэці дзень яго забілі. Усё, што ён паспеў зрабіць – напісаць адзін ліст да сваіх. Было вельмі важна спалучэнне: я нічога не ведаю пра вайну, а ў маёй жонкі ў сям’і вайна – гэта самае галоўнае, бо там былі ўсе, і там шмат хто загінуў.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

Як вайну могуць прадаваць

Фатограф паказвае гродзенскія шклянкі са Сталіным і бутэльку гарэлкі ў выглядзе аўтамата і разважае пра тое, “як камічна можна падыходзіць, прэпараваць і прадаваць вайну”. І спадзяецца, што праз 10-20 гадоў на вайне можна будзе зарабляць грошы.

Хаця часткова так і зараз адбываецца. Напрыклад, адно з фота адлюстроўвае штогадовыя рэканструкцыі пачатку вайны ў Брэсце. У 4.15 распачынаюцца ваенныя пастаноўкі з самалётамі, танкамі, ветэранамі. “Такі позірк на вайну як на канцэрт – можна прыйсці, купіць білеты і глядзець, як нападаюць і адзін аднаго забіваюць”, – кажа фатограф.

– Мяне шакіравала, што на пастаноўках людзі могуць граць роль забітага. Гэта так смешна, што чалавек са зброяй бяжыць, пасля ляжыць, а пасля магічны момант, калі кажуць “Война закончилась” – і ўсе ўстаюць і ажываюць. Гэта проста такі хрысціянскі момант, што ўсе ажылі і ўсе ўстаюць, збіраюцца, п’юць, святкуюць. І мне захацелася сфатаграфаваць толькі забітых.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

– Шакавала, што ў людзей, якія займаюцца ваеннымі рэканструкцыямі, з большага, па дзве ўніформы – савецкая і фашысцкая. Ім арганізатары кажуць: нам не хапае фашыстаў ці не хапае савецкіх людзей. І яны апранаюць тую ці іншую форму і выступаюць на тэатральнай пастаноўцы ў адной ці другой ролі. Гэта паказвае, што ў вялікай колькасці людзей вельмі нейтральнае стаўленне да гісторыі.

Было даследаванне, як называюцца вуліцы ў Кіеве, Вільні і Мінску. Аказалася, у Мінску 50% вуліц названы ў гонар падзей або імён, звязаных з Другой сусветнай вайной. Каб праілюстраваць гэты факт, Андрэй пачаў выразаць самі вуліцы і дадаваць партрэты людзей, якія далі ім назву. Таксама даследаванне паказала, што людзі, якія жывуць на гэтых вуліцах, не ведаюць герояў, у гонар якіх вуліца названа.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

Вайна, дываны і безыменныя вайскоўцы

Яшчэ адна частка выставы – праект, які перамог на першай прэміі Белгазпрамбанка і выклікаў розныя рэакцыі.

– Мне захацелася папрацаваць з памяццю, бо для мяне заўсёды было шокам, як людзі з беларускіх вёсак ствараюць такія прыгожыя дываны з афрыканскімі матывамі. Гэта здарылася пасля праекта “Паганства”. Мне захацелася спалучыць вайну з дакументальнай хронікі з прыгожымі дыванамі. Такі дэкаратыўны праект.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

Заканчваецца выстава сучаснасцю – серыяй фота пра вітрыны магазінаў, на якіх з’яўляюцца святочныя плакаты. “Горад пераўтвараецца на Дзень перамогі ў такое дзіўнае спалучэнне савецкага, познесавецкага і капіталістычнага”, – кажа аўтар.

Вайна - як сувенір, канцэрт і памяць. Выстава Андрэя Лянкевіча “Бывай, Радзіма” адкрылася ў Гродне

На некаторых фота мы можам бачыць знакамітых вайскоўцаў з музея, які стаяў у Мінску на галоўнай плошчы. Партрэты не забралі ў новы музей і “проста выкінулі на такую звалку гісторыі”. Аўтар спецыяльна іх не падпісвае. Маўляў, раз гісторыя іх выкінула, і ў памяці людзей яны не засталіся, значыць, іх больш няма.

Наведвальнікі выставы прапанавалі ўсё ж падпісаць партрэты. Бо безыменныя вайскоўцы – ўсё роўна “чыесьці”. Андрэй Лянкевіч абяцаў над гэтым падумаць.

Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]