У пары гімалайскіх мядзведзяў у Гродзенскім заапарку 19 студзеня ўпершыню з’явіўся малы. Мядзведзіца доўгі час аберагала медзведзяня і не давала спецыялістам зазірнуць у бярлогу. Гімалайскія мядзьведзі рэдка размнажаюцца ў няволі.
Аб папаўненні ў мядзведжай сям'і супрацоўнікі заапарка даведаліся па характэрнаму піску, які выдаюць медзведзяняты, заклікаючы маці. Разгледзець у цёмнай бярлозе малога вагой менш за 500 г. не ўдавалася даволі доўга. Зрабіць першае невыразнае фота медзведзяня змаглі толькі 30 студзеня, а добра яго разгледзець — толькі ў пачатку лютага, расказалі ў заапарку.
— Гэта сапраўды ўнікальная падзея, такога яшчэ не здаралася за ўсю гісторыю нашага заапарка. У іншых відаў былі малыя, у гэтага — не. У няволі мядзведзі вельмі рэдка абзаводзяцца малымі. Мы пакуль нават не ведаем яго пол. Думаю, калі ў бліжэйшы час будзе цёплае надвор’е, мы адкрыем вальер, можа Пенелопа выведзе яго на вуліцу, — распавёў дырэктар Гродзенскага заапарка Алег Жданкін.
«Месяцовы» мішка
Гімалайскіх мядзведзяў яшчэ называюць «месяцовымі» праз белую v-падобную паласу на грудзях. Яны ў адрозненне ад сваіх суродзічаў больш любяць лазіць па дрэвах. Асабліва ім падабаецца чаромха. У прыродзе «месяцовыя» мішкі нават ладзяць своеасаблівыя гнёзды на гэтых дрэвах, падмінаючы пад сябе галінкі, калі ягады спеюць.
Падрос і каштуе кашу з павідлам
Зараз медзведзяня ўжо падрасло, хоць спачатку малыя гімалайскіх мядзведзяў важаць менш за кiлаграм. Усю зіму мядзведзіца карміла яго малаком, цяпер малы пачынае каштаваць кашу з павідлам і «прыглядаецца» да замарожанага малака. Наогул «месяцовыя» мядзведзі ласуны, Пенелопа, напрыклад, вельмі любіць гарбуз, піша grodnonews.by.
- І Пенелопа, і тата медзведзяняці Том трапілі да нас з расійскага заапарка, цяпер ім па 8 гадоў. Яны добра прыжыліся і ўсім задаволеныя. Цяпер пара жыве паасобку, так будзе яшчэ доўга. «Месяцовыя» мядзведзіцы выхоўваюць сваіх медзведзянятаў да двухгадовага ўзросту, — распавяла навуковая супрацоўніца Гродзенскага заапарка Алена Лоск.