Упраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці прааналізавала прычыны дзіцячага траўматызму і гібелі непаўнагадовых у 2018 годзе. Самая кепская сітуацыя склалася ў Гродна і ў Гродзенскім раёне: усяго 34 траўміраваных і загінулых непаўнагадовых.
У працы следчых падраздзяленняў Гродзенскай вобласці ў 2018 годзе было 23 матэрыялы праверак аб траўматызме непаўнагадовых, 18 — аб смярцях. Акрамя таго, праводзілася папярэдняе расследаванне па 46 крымінальных справах, дзе пацярпелымі былі асобы, маладзейшыя за 18 гадоў.
Гібель дзяцей
З прычыны невылечных захворванняў памерла 6 непаўнагадовых. У выніку гвалтоўнай смерці загінула 12 дзяцей. Прычынамі гібелі былі: выпадковае ўтапленне (5), выпадковае атручванне, механічная асфіксія ад закрыцця дыхальных шляхоў харчовымі масамі, уздзеянне агню, атручэнне газам, падзенне з вышыні і іншыя знешнія прычыны. Часта гэта здаралася па недаглядзе бацькоў. Двойчы дзеці танулі ў прысутнасці дарослых.
Дзіцячы траўматызм
Прычынамі дзіцячага траўматызму без смяротнага зыходу былі: гвалт (35), падзенне (9), дарожна-транспартныя здарэнні (10), выпадковыя атручванні (4), ўздзеянне дыму, агню (3), выбуховых рэчываў (2), гарачай вадкасці (1), падзенне габарытных прадметаў (2), іншыя прычыны (5). У ДТЗ за 2018 год пацярпела 12 дзяцей. У шасці выпадках пацярпелыя былі пасажырамі транспартных сродкаў, трое трапілі пад машыну, двое былі на ровары, адзін — кіраваў матацыклам. Адзін з пацярпелых у ДТЗ непаўнагадовых быў у стане алкагольнага ап’янення.
Траўмы пры падзенні атрымалі 9 непаўнагадовых, з якіх 4 — гэта дзеці ва ўзросце да аднаго года, і ўсе яны падалі выключна праз недагляд бацькоў пры знаходжанні ў сваіх кватэрах.
Пяцёра непаўнагадовых атрымалі траўмы ў школьных і дашкольных установах.