Праваахоўныя органы зацікавіліся рэпостам кліпа Pussy нямецкага гурта Rammstein, які гродзенец Андрэй Галавенка зрабіў у сацыяльнай сетцы Вконтакте яшчэ ў 2014 годзе.
Кліп Андрэй размясціў на сваёй старонцы ў верасні 2014 года. Праз 4,5 гады, 21 сакавіка 2019 года аддзел культуралагічных экспертыз Дзяржкамітэта судовых экспертыз у экспертным заключэнні прызнаў кліп забароненым да паказу і распаўсюджвання з-за ўтрымання парнаграфічных сцэн.
На падставе экспертызы, Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта пастанавіў узбудзіць у дачыненні да хлопца крымінальную справу па ч.2 арт.343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфіі). Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад 2 да 4 гадоў.
Сам 25-гадовы Андрэй лічыць, што няправільна.
«Відэа дадаў у 2014 годзе і забыўся пра яго. Я нават і не ведаў, што за гэта могуць завесьці крымінальную справу. Знайшлі запіс, які я зрабіў амаль 5 гадоў таму. Правялі экспертызу і завялі крымінальную справу. Я лічу, што гэта ненармальна», — распавёў Андрэй.