На Беларускай АЭС пачаўся першы этап праграмы па ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока атамнай станцыі, паведамілі naviny.by са спасылкай на компаниию «АСЭ» (інжынірынгавы дывізіён расійскай дзяржкарпарацыі «Расатам»), якая выступае генеральным падрадчыкам збудавання гэтага ядзерна-энергетычнага аб’екта.

Праграма запуску блокаў складаецца з чатырох этапаў - перадпускавых наладачных работ, фізічнага пуску, энергетычнага пуску і доследна-прамысловай эксплуатацыі.

Зараз спецыялісты займаюцца індывідуальнымі выпрабаваннямі, а таксама тэставаннем абсталявання першага і другога контураў рэактарнай устаноўкі, якія пасля задзейнічаюць у гідраўлічных выпрабаваннях і цыркуляцыйным прамыванні.

Кіраўнік праекта збудавання станцыі віцэ-прэзідэнт «АСЭ» Віталь Палянін адзначыў, што асноўная мэта першага этапу праграмы заключаецца ў «праверцы працаздольнасці на праектных параметрах сістэм і абсталявання рэактарнай устаноўкі энергаблока перад пачаткам загрузкі паліва». Таксама на гэтым этапе, паводле яго слоў, праводзяцца выпрабаванні герметычнай агароджы будынка рэактара.

У канцы сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Астраўцы Палянін абвесціў, што зборку рэактара першага энергаблока БелАЭС плануюць завяршыць да канца красавіка.

Беларуская АЭС ўзводзіцца за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Пастаўку ядзернага паліва чакаюць летам 2019 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

Просім падоўжыць крэдыт

Кіраўнік Белэнерга Віктар Каранкевіч 4 красавіка распавёў журналістам, што Беларусь і Расія абмяркоўваюць магчымасць падаўжэння расійскага крэдыту на будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы на 10 гадоў, паведаміла БелТА. Прапановы беларускага боку датычацца як павелічэння тэрміну крэдыту — з 25 да 35 гадоў, так і зніжэння працэнтнай стаўкі.

Нагадаем, што 25 лістапада 2011 года было падпісана міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні ўраду Беларусі дзяржаўнага экспартнага крэдыту для будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якое прадугледжвае выдзяленне да $ 10 млрд. Сродкі прадастаўлены для фінансавання 90% кошту работ па генкантракце на будаўніцтва АЭС. Яшчэ 10% аплачвае беларускі бок.