Гродзенскія актывісты сабраліся, каб абмеркаваць праведзенае свята і вырашыць, у якім кірунку рухацца далей.

У мінулым годзе ўлады далі дазвол на правядзенне свята за два тыдні. У гэтым — за чатыры дні. І за гэты час актывісты здолелі падрыхтаваць Дзень Волі ў гонар 101-годдзя абвяшчэнне БНР. Для Гродна гэта было справай годнасці, бо сто гадоў назад горад стаў другой сталіцай БНР і тут святкавалі першую гадавіну абвяшчэння незалежнасці. Таму ў 2019 свята прайшло пад лозунгам «100 год — другі заход».

Актывісты адзінагалосна пагадзіліся, што свята атрымалася. У Гродне сабраліся вядомыя і любімыя многімі гурты і выканаўцы: Nizkiz, Зміцер Вайцюшкевіч, Крама, «Дай Дарогу!», Лявон Вольскі і Dzieciuki. Гісторыкі, творцы і дзеячы прамаўлялі са сцэны. Можна было набыць рэчы з сімволікай свята, сцягі, зрабіць адмысловы аквагрым. Старэйшыя людзі ці людзі з дзецьмі маглі адпачыць каля сцэны. Было шмат фудтракаў з ежай і напоямі.

Якім будзе БНР102? Арганізатары падвялі вынікі БНР101 у Гродне і ўжо плануюць чарговае свята

Недахопы былі звязаныя з бракам часу і з адмовамі ў апошні момант. Актывісты кажуць, што магло б быць больш цікавостак для дзяцей, больш бясплатных раздаткаў у выглядзе сімволікі і шарыкаў. Не атрымалася палітычная алея, праца з валанцёрамі, рэклама ў горадзе. Наведвальнікі адзначалі вялікія чэргі каля фудтракаў. Аказалася, некалькі мінскіх фудтракоў не прыехалі, хоць планавалі.

Якім будзе БНР102? Арганізатары падвялі вынікі БНР101 у Гродне і ўжо плануюць чарговае свята

На дадзены момант арганізатары практычна пакрылі ўсе выдаткі. Тым часам Дзень Волі ў Гродне можна лічыць прыкладам супрацы і вырашэння канфліктаў паміж актывістамі розных партый і не толькі партый. Ва ўсіх свае праграмы і мэты, але на час падрыхтоўкі яны аб’ядналіся і арганізавалі свята.

Некаторыя ацэньвалі Дзень Волі ў Гродне як «перанос» свята са сталіцы. Вадзім Саранчукоў адказвае на гэта: шкада, што такія мерапрыемствы прайшлі не ў кожным горадзе. У СМІ ўжо з’явлася прапанова «перанесці"наступны Дзень Волі ў Магілёў.

Якім будзе БНР102? Арганізатары падвялі вынікі БНР101 у Гродне і ўжо плануюць чарговае свята

Зараз актывісты думаюць, як адзначыць БНР102. Пакуль гэтае пытанне дыскусійнае. Наступнае свята будзе залежыць ад шматлікіх фактараў, пачынаючы ад электаральнай кампаніі і заканчваючы ўласным жаданнем актывістаў. Сёлета была зададзена высокая планка. Ці ўдасца яе ўтрымліваць?

Хтосьці ўпэўнены, што ўдасца, варта толькі паставіць мэту. Хтосьці прапануе далучыцца да святкавання ў Магілёве. Магчыма, больш эфектыўна было б правесці некалькі мерапрыемстваў цягам году — напрыклад, Купалле ці традыцыйную акцыю ў Свіслачы ў гонар Каліноўскага, што было б зараз актуальна.

Шэраг мерапрыемстваў у рэгіёнах сабраў бы сумарна больш людзей, чым адно мерапрыемства ў Гродне. Пачаць збор сродкаў на мерапрыемсты пачнуць неўзабаве.