Гульцоў моладзевай каманды «Юнацтва» падазраюць у незаконным абароце наркатычных сродкаў. Як паведамляе прэс-служба МУС, чатыры маладыя чалавекі затрыманыя, правяраюць астатніх.
Вечарам 1 красавіка ў ваколіцах сталічнага праспекта Пераможцаў увагу супрацоўнікаў прыцягнулі два маладыя чалавекі, якія, убачыўшы міліцыянтаў, прыняліся нервова хаваць нешта па кішэнях.
На просьбу паказаць змесціва яны прад’явілі два слоічкі і скрутак з раслінным рэчывам (як паказала экспертыза — гашыш), тры пакуначка з насваем (некурыльным тытунем), а таксама пару шкляных трубачак.
Затрыманымі апынуліся абаронца і нападаючы моладзевага складу хакейнага клуба «Юнацтва». Па версіі міліцыі, да распаўсюджвання наркотыку датычныя яшчэ двое хакеістаў - іх затрымалі на наступны дзень.
Аператыўнікі маюць намер высветліць і «схемы распаўсюджвання наркотыка ў камандзе», наколькі даўно і часта спартоўцы ўжывалі забароненыя рэчывы. А таксама хто з хакеістаў (і не толькі) быў у гэтым замешаны.
Распачатыя крымінальныя справы па ч. 1, 2 арт. 328 КК (Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў). За што пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, хакеісты моладзевага складу «Юнацтва» толькі нядаўна скончылі чэмпіянат. У фінале яны прайгралі «Нёману».
Асноўная каманда таксама змагаецца за галоўны трафей з гродзенцамі. Лік у серыі 1:1.