У студзені гэтага года маці ваеннаслужачага тэрміновай службы Аляксандра Арлова атрымала з упраўлення Следчага камітэта Гродзенскай вобласці ліст, у якім паведамлялася, што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце гібелі гвардыі радавога вайсковай частцы 20 170 Арлова А.В. па прыкметах злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 145 (давядзенне да самагубства), ч. 1 арт. 146 (схіленне да самагубства), за адсутнасцю складу злачынства адмоўлена.
Маці Вольга Мікалаеўна і яе родныя былі катэгарычна не згодныя з высновамі Следчага камітэта, таму яна па дапамогу звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта, паведамляе «Газета Слонімская». Яе зварот быў перададзены ў Генеральную пракуратуру, дзе ён было разгледжаны, і быў дадзены адказ, у якім гаворыцца наступнае:
«Генеральнай пракуратурай разгледжана Ваша скарга, якая паступіла з Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на пастанову ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці
Маці салдата расказала карэспандэнту, што следчы азнаёміла яе з вынікамі экспертызы, з якой яна таксама катэгарычна не згодна. І вось чаму.— Вяроўка была наогул іншага колеру, белага, але не намётавага. На фатаграфіі відаць, што Саша ляжаў на зямлі, а на яго твары былі плямы крыві. Гематома была на правым боку, назе, і ўся спіна была ў гематомах жоўтага колеру. Я бачыла фатаграфіі ўскрыцця грудной клеткі, хрыбетніка, чэрапа. Дарэчы, дзіркі ў галаве не было. Следчы сказала, што гэтай дзіркі ў галаве наогул не было, што скобамі ўпраўлялі чэрап, каб на месца паставіць. Цікава, што, ён у аварыі пабываў, каб чэрап скобамі на месца ставіць? Не веру я гэтай экспертызе. І эксперт паставіў дыягназ: «ўнутранае кровазліццё мозгу, нырак, лёгкіх, хрыбетніка і ацёк мозгу». Цікава, чаму ў яго быў ацёк мозгу. Хіба ў павешанага чалавека будуць гэтыя сімптомы? Я больш чым упэўненая, што Сашу збілі, таму і здарылася ўнутранае кровазліццё органаў. Больш за тое, па заключэнні следчага, труп сына знайшлі ў 19 гадзін 45 хвілін, а смерць наступіла ў 20 гадзін 34 хвіліны. Як так можа смерць наступіць, калі чалавек павесіўся? Што яны рабілі цэлую гадзіну? Мне следчы сказала, што медыкі рабілі яму ўкол, каб завесці сэрца, але за гэтую гадзіну можна было слана выратаваць…
Калі б так здарылася з сынам якога-небудзь начальніка, то яны хутка б знайшлі злачынцу і пакаралі яго. Навошта ж нам патрэбныя такія праваахоўныя органы, якія нічога не хочуць рабіць? Я іх не пакіну ў спакоі, пакуль не знойдуць забойцу.
На ўсе пытанні маці загінулага салдата Арлова прыйдзецца адказаць праваахоўнікам. А мы будзем сачыць за ходам далейшага разгляду.
Нагадаем, што 5 верасня мінулага года ў Слоніме ў вайсковай часці № 33 933 знайшлі павешаным у капцёрцы радавога Аляксандра Арлова. Яму было ўсяго дваццаць гадоў. Служыць яму заставалася дзевяць месяцаў. Аляксандр жыў у вёсцы Краснае Карэліцкага раёна. Міністэрства абароны паспешліва паведаміла, што прычынай суіцыду сталі асабістыя абставіны, не звязаныя з ваеннай службай.