П’яны працаўнік мыйкі ў Гародні ўгнаў і разбіў аўтамабіль кліента, піша БелТА са спасылкай на УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Свае службовыя абавязкі парушыў жыхар Гродна 1991 года нараджэння, які раней ужо быў судзімы. Малады чалавек працаваў мыйшчыкам-прыбіральшчыкам на адной з аўтамыек горада. На днях яму для хімчысткі прывезлі пазадарожнік «Нісан» 2003 года выпуску. У нейкі момант работнік вырашыў выпіць, а пасля гэтага пакатацца на аўтамабілі кліента.
«На адным з паваротаў машына ўрэзалася ў бардзюр. У пазадарожніка адарвала кола. Падазраваны кінуў машыну на месцы здарэння», — распавялі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Цяпер малады чалавек затрыманы. Сваю віну ён не адмаўляе. Крымінальная справа ўзбуджаная па ч.1 арт. 214 КК («Угон»).