За 10 гадоў кампанія velcom інвеставала ў Беларусь больш за 670 млн еўра. Холдынг А1 Telekom Austria Group, даччынай кампаніяй якога з’яўляецца беларускі аператар, гатовы і далей развіваць інфраструктуру сувязі, распавёў Томас Арнольдэр, гендырэктар аўстрыйскага холдынгу.

Томас Арнольдер быў членам аўстрыйскай дэлегацыі, якая наведала Мінск 28−29 сакавіка. Падчас візіту прайшла ў тым ліку сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з Федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам. Лідары дзвюх краін пацвердзілі намер паслядоўна развіваць узаемадзеянне ў пытаннях развіцця сувязі і ІКТ-сектара.

«Я вельмі рады, што значная частка перамоў была нададзена важнай тэме далейшага развіцця ІКТ і інфраструктуры сувязі. Перамовы былі вельмі канструктыўнымі, і я чакаю далейшага іх працягу з мэтай маштабнага разгортвання 4G-інфраструктуры, а ў перспектыве і 5G не толькі ў гарадах, але і ў сельскіх раёнах», — пракаментаваў Арнольднер вынікі сустрэчы.

«Больш за 98% тэрыторыі краіны забяспечана пакрыццём нашай 3G-сеткі, якасць якой, зыходзячы з майго досведу, адна з найбольш высокіх у Еўропе, нягледзячы на ​​адны з самых нізкіх цэнаў на мабільную сувязь. Мы пацвярджаем нашу прыхільнасць і гатоўнасць падтрымліваць далейшае развіццё краіны ў кантэксце тэхналогій 4G і ў перспектыве 5G», — дадаў кіраўнік A1 Telekom Austria Group.

Кампанія velcom стала часткай аўстрыйскага тэлекамунікацыйнага холдынгу ў 2008 годзе. Акрамя інвестыцый, за 10 гадоў velcom таксама заплаціў у бюджэт 820 млн еўра падаткаў і збораў.

Аўстрыя з’яўляецца адным з важных інвестыцыйных партнёраў Беларусі, у тым ліку ў сферы дрэваапрацоўкі, тэлекамунікацый, банкаўскага сектара. Толькі за мінулы год Аўстрыя інвеставала ў Беларусь каля 300 млн долараў ЗША.