«Вы патэлефанавалі ў дзяжурную частку. Чакайце адказу аператара», — чуе кожны, хто набірае нумар «102». Услед за гэтай фразай раздаецца некалькі гудкоў - і чалавека вітае спецыяліст. Высветліўшы, што здарылася, тэхнік сувязі уносіць дадзеныя таго, хто тэлефануе ў камп’ютар, а далей інфармацыя перадаецца ў аператыўна-дзяжурныя службы — для рэагавання.
Аднак не заўсёды ў міліцыю тэлефануюць тыя, каму сапраўды патрэбна дапамога. Па словах начальніка службы міліцыі «102» УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Кузьміна, некаторым проста няма з кім пагаварыць, а хтосьці выпіў лішняга і сустрэўся з… іншапланецянамі!
«102» — гэта абанент, які даступны заўсёды. У міліцыю звяртаюцца, калі паміж членамі сям'і паўстаў канфлікт, калі пад вокнамі п’юць і шумяць, калі на вуліцы ляжыць чалавек. Тэлефануюць, каб паведаміць аб крадзяжы, пра тое, што кагосьці пакусаў сабака, дзіця не вярнулася са школы, ноччу суседзі гучна слухаюць музыку, у таксі буяніць п’яны пасажыр. Нярэдка на пульт паступаюць званкі, не звязаныя з функцыямі міліцыі: адключылі ваду, падоўгу не вывозяць смецце, пад вокнамі ездзіць будаўнічая тэхніка і г. д. Усё таму, што ў грамадстве трывала ўмацавалася меркаванне: вартавыя правапарадку могуць вырашыць любую жыццёвую праблему.
Але бываюць у практыцы супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурнай службы выпадкі, якія звычайны чалавек наўрад ці назаве радавымі. Праслухаўшы некаторыя запісы размоваў жыхароў Гродна з супрацоўнікамі службы «102», я быццам бы паглядзела блокбастар: іншапланецяне, людзі-невідзімкі, змеі-забойцы, лятальныя апараты, выпраменьвальныя радыяцыю… Часам у галасах тых, хто тэлефанаваў адгадваліся «ноткі» празмернага ўжывання алкаголю, чуваць было нецэнзурную лаянку, а нярэдка зразумець чалавека было складана з-за таго, што ён спрабаваў растлумачыць… невытлумачальнае! Хоць, як прызнаецца Сяргей Кузьмін, аператараў ўжо наўрад ці чым-то здзівіш.