У нядзелю на небяспечны прадмет звярнуў увагу наведвальнік замка. Граната ляжала на адным з мысаў Замкавай гары. Супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога гісторыка-археалагічнага музея неадкладна выклікалі міліцыю, піша БЕЛТА.

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама распавялі, што тэрыторыя вакол знаходкі была ачэпленая. На месцы працавала сапёрна-піратэхнічная група. Небяспечны прадмет канфіскаваны, ён будзе знішчаны.

У Старым замку зараз ідзе рэканструкцыя, распачатая ў 2017 годзе. У цяперашні час будаўнічыя работы вядуцца на ўязной вежы, прыгоннай сцяне, галерэі, якая злучае вежы, іншых унутраных аб’ектах. Суправаджаецца будаўніцтва і археалагічнымі пошукамі. Небяспечны прадмет быў знойдзены на тэрыторыі трэцяй чаргі рэканструкцыі. Пакуль там ні будаўнікі, ні археолагі не працавалі.