Чарговы аднакватэрны жылы дом сямейнага тыпу пачнуць будаваць на скрыжаванні вуліц Валковіча і 1 Мая. Двухпавярховы асабняк для шматдзетнай сям'і з’явіцца ў так званым «бацькоўскім» квартале, піша «Вячэрні Гродна».
Пачаць будаўніцтва дома для сям'і, якая выхоўвае дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, плануюць ужо ў гэтым годзе. Тэрміны выканання — паўгода. Мяркуючы па праекце, які выстаўлены на грамадскае абмеркаванне, гэта будзе стандартны двухпавярховы асабняк плошчай звыш 400 кв. м, дзе ёсць усё неабходнае: мэбля, посуд, бытавая тэхніка.
Зараз у Гродне налічваецца шэсць дамоў сямейнага тыпу. Апошні з іх адкрылі ў верасні 2018 года на вуліцы Валковіча, 21. Катэдж на 400 «квадратаў» трэст «Гроднагарбуд» узвёў за рэкордныя 2,5 месяца.