Як будуць дапамагаць уцекачам, мігрантам і уразлівым групам людзейСупрацоўніцтва па многіх напрамках абмеркавалі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур на сустрэчы, якая адбылася 29 сакавіка ў Гродне.
Як бібліятэка з Гродна будзе супрацоўнічаць з ЗША
У першы дзень свайго афіцыйнага візіту ў Гродна Павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур прыняла ўдзел у адкрыцці «Тыдня амерыканскай кнігі» у аддзеле замежнай літаратуры Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі. Яна таксама расказала пра свой родны горад Атланту наведвальнікам цэнтра «Усё пра ЗША». Перад гэтым, у час экскурсіі па галоўным будынку бібліятэкі Павераная Мур чарговы раз падкрэсліла важнасць супрацоўніцтва паміж амбасадай ЗША і бібліятэкай, а таксама расказала пра дадатковую фінансавую падтрымку для цэнтра «Усё пра ЗША» у Гродна ў 2019 годзе.
«Многія амерыканскія кампаніі хочуць інвеставаць у беларускія IT-кампаніі»
— У ЗША ведаюць, што ў Беларусі ёсць шмат маладых, таленавітых людзей, якія атрымалі добрую адукацыю. І яны вельмі канкурэнтаздольныя як спецыялісты на сусветным рынку інфармацыйных тэхналогій. Таму шматлікія амерыканскія кампаніі хочуць інвеставаць у беларускія IT-кампаніі, — распавяла Джэніфер Мур. — Акрамя таго, урадам ЗША распрацавана праграма па падтрымцы стартапаў, паведамляе «Перспектыва».
На 50% павялічылася колькасць амерыканцаў, якія наведалі Беларусь
Яна таксама падкрэсліла прывабнасць Беларусі з турыстычнага пункту гледжання. Велізарны плюс — магчымасць бязвізавага ўезду для турыстаў з многіх краін. Дзякуючы гэтаму на 50% павялічылася колькасць амерыканцаў, якія наведалі Беларусь.
— Многія выхадцы з нашай краіны, і Гродзеншчыны ў прыватнасці, жывуць у ЗША. У нас ёсць шмат цікавых месцаў, якія ім, верагодна, было б цікава наведаць, — адзначыў Уладзімір Краўцоў. — Да таго ж у свеце ўсё большую папулярнасць набірае настальгічны турызм.
Характэрна, што ЗША рэалізуе праект па развіцці экатурызму ў Беларусі. На гэтыя мэты ўжо было выдзелена больш за 250 тысяч долараў.
— Прыемна назіраць пазітыўныя вынікі гэтай дзейнасці, — падзялілася Джэніфер Мур. — Нядаўна бачыла артыкул у расійскай версіі часопіса «National Geographic». Згодна з ёй, Беларусь — на першым месцы ў рэйтынгу краін для экатурызму.
Эканамічныя сувязі не вельмi моцныя
Паводле слоў губернатара вобласці, у нашага рэгіёну і ЗША пакуль не вельмі моцныя эканамічныя сувязі. Так, аб’ём знешняга гандлю за мінулы год склаў 29,2 мільёна долараў, з якіх экспарт — 13,2 мільёна, імпарт — 16,1. У асноўным за мяжу пастаўляюцца азотныя ўгнаенні, прылады на вадкіх крышталях, біноклі і монакуляры. Адтуль жа ўвозяцца, да прыкладу, штучныя ніткі, маніторы і праектары, медыцынскія прыборы. Дарэчы, на тэрыторыі рэгіёну працуюць 11 арганізацый з удзелам амерыканскага капіталу. Адно з найбольш тэхналагічных — «Белтэкс Оптык» па выпуску аптычных прыбораў, у прыватнасці, бінокляў.
— Мы імкнемся асвойваць амерыканскі рынак, прадстаўляць на ім беларускія тавары, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Ужо ёсць пэўныя вынікі ў гэтым напрамку, на якіх не плануем спыняцца.
«Абмеркавалі паспяховае і мірнае правядзенне мерапрыемстваў з нагоды 25 сакавіка ў Гродна»
Амбасада ЗША ў Беларусі паведамляе, што Павераная ў справах ЗША Джэнiфер Мур мела вельмі прадуктыўную сустрэчу з губернатарам Уладзімірам Краўцовым і супрацоўнікамі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. «Бакi абмеркавалі паспяховае і мірнае правядзенне мерапрыемстваў з нагоды 25 сакавіка ў Гродна, а таксама важнасць працягу супрацоўніцтва з мясцовымі грамадзянскімі арганізацыямі. Гэтыя арганізацыі робяць важныя рэчы для ўмацавання беларускай ідэнтычнасці, суверэнітэту і незалежнасці», — паведамляюць у амбасадзе.
Як будуць дапамагаць бежанцам, мігрантам і ўразлівым групам людзей
Разам з калегамі з Чырвонага крыжа, УВКБ ААН і прадстаўнікамі мясцовых уладаў на афіцыйным адкрыцці ўстановы, дзе будуць дапамагаць бежанцам, вымушаным мігрантам і іншым уразлівым групам людзей, якія падвяргаюцца сэксуальнаму і гендарнаму гвалту.
«Мы працягнем падтрымліваць пашырэнне магчымасцяў для рэінтэграцыі і дапамогі асобам з груп рызыкі і застаемся ўпэўненыя, што разнастайнасць і інклюзіўнасць з’яўляюцца фундаментальнай асновай паспяховага развіцця любога грамадства. «, — кажуць у амбасадзе.