Офісны цэнтр, рэстаран або кафэ, гандлёвы цэнтр або гасцініцу пабудуюць на скрыжаванні вуліц Савецкіх Памежнікаў, Транспартнай і Гарнавых. Участак насупраць абласной філармоніі побач з паркоўкай ля цэнтральнай гарадской паліклінікі прададуць на адкрытым аўкцыёне 23 красавіка, піша «Вячэрні Гродна».

Будучы аб’ект размясціцца паміж дарогай ад кальца і паркоўкай, якая прымыкае да жаночай кансультацыі пры цэнтральнай паліклініцы. Зараз там газон і ўстаноўлены бігборды.

Вядома, што будынак зойме плошчу ў 21 сотку і будзе 2−3-павярховым. Што канкрэтна там адкрыецца — офісныя памяшканні, крамы, кафэ або гасцініца — вырашыць сам ўласнік. Мэтавае прызначэнне будзе вызначана ў праекце.

Таргі пачнуцца з сумы ў 125 тысяч рублёў. Яшчэ 4,3 тысячы рублёў трэба будзе заплаціць за выраб дакументаў. Па ўмовах таргоў пераможца аўкцыёну абавязаны атрымаць дазвол на правядзенне праектных работ і распрацаваць будаўнічы праект у тэрмін, які не перавышае 2 гады.

Аўкцыён пройдзе 23 красавіка.