Каля двух тыдняў таму двое грамадзян 1998 і 2001 гадоў нараджэння заўважылі ў гарадскім пасёлку Радунь на вуліцы Савецкая 108Б тры няспраўныя аўтамабілі. З іх ім спадабаўся «Audi 100». Маладыя людзі высветлілі, што ў транспартным сродку адсутнічае акумулятар, няма паліва, ды яшчэ і здзьмутыя колы, таму ім давялося падрыхтавацца.
За некалькі дзён да здзяйснення крадзяжу маладыя людзі купілі паліва, скралі акумулятар, таксама знайшлі помпу для колаў. Яны прыйшлі ў двор і вырашылі, што выпраўляць машыну на месцы будзе небяспечна, лепш адштурхаць яе ў бок, але ўдваіх гэта аказалася зрабіць няпроста, таму падазраваныя паклікалі на дапамогу свайго знаёмага 2002 года нараджэння.
Маладыя людзі напампавалі колы, паставілі скрадзены акумулятар і залілі ў бак паліва, але ўсё ішло не зусім гладка. У аўтамабіля была зламаная бензапомпа, таму завесці яго не ўдалося. Падазраваныя схавалі транспартны сродак у дварах, знялі нумарныя знакі, зламалі іх і закапалі.
У далейшым яны хацелі перафарбаваць аўтамабіль, адрамантаваць яго, а затым прадаць, але бізнес план сарвалі супрацоўнікі міліцыі. Крымінальная справа ўзбуджаная па частцы другой артыкула 205 крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь — «Крадзеж».