Група амерыканскіх хасідаў пабывала ў Гродне 25 сакавіка. Яны прыязджалі памаліцца на магіле габрэйскага праведніка Аляксандра Зіскінда, які памёр 225 гадоў таму.
«Праведнік Аляксандр Зіскінд памёр у Гродне ў 1794 годзе. Ён напісаў знакамітую кнігу „Есод вешорэш аавода“, — распавядае гродзенскі рабін Іцхак Кофман. — Ён напісаў гэтую працу ў родным горадзе і яе вывучаюць да гэтага часу многія габрэі».
Выбралі найлепшы варыянт: як вырашылася пытанне доступу на габрэйскія могілкі ў Гродне
«Сёння на магілу Зіскінда прыязджала шмат людзей. Некаторыя з хасідаў ехалі спачатку да стадыёна, дзе сёння вісіць мемарыяльная шыльда, а потым ужо ехалі на Занёманскія могілкі», — дадаў гродзенскі рабін.
Пасля Гродна некаторыя паломнікі адправіліся ў Радунь — адзін з галоўных цэнтраў яўрэйскага рэлігійнага турызму ў Беларусі. Там пахаваны знакаміты праведнік Хофец Хаім.
Даведка
Могілкі на Занёманскім Фарштаце былі заснаваныя ў 18 ст. для габрэйскай абшчыны гэтай часткі горада. Гэта адзіныя габрэйскія могілкі, якія захаваліся ў Гродне да нашых дзён. Сёння там можна ўбачыць больш за 2000 надмагілляў-мацэваў (некаторыя цяжка распазнаць, таму што яны з цягам часу сышлі ў зямлю). Надпісы на камянях збольшага на іўрыце, але ёсць і на ідышы. На гэтых могілках пахаваны равін Аляксандр Зіскінда, які памёр у 5554 (1794) годзе. У 1990-я гг. на яго магіле быў усталяваны помнік.
Перад смерцю равін наказаў на адлегласці ста метраў ад сваёй магілы не хаваць нікога, акрамя праведнікаў. Там заўсёды было вольнае месца. Па гэтай прыкмеце і адшукалі ў нашы дні тое месца, дзе ён нібыта знайшоў апошні прытулак. Са слоў Іцхака Кофмана, насамрэч на Занёманскіх могілках была зроблена толькі сімвалічная магіла праведніка.
Праведнік напісаў кнігу «Есод вешорэш аавода» (Аснова і корань служэння), якая стала своеасаблівым кодэксам маральных паводзін і кіраўніцтвам да дасканалага выканання запаведзяў. Упершыню кніга выйшла ў свет ў 1782 годзе. Зіскінд асабліва падкрэсліваў значэнне трох фундаментальных асноў, на якіх будуецца служэнне Стваральніку: кавана — душэўны настрой і канцэнтрацыя на выконваемай запаведзі, сімха — радасць, якую адчуваеш ад магчымасці выконваць запаведзь, і ітлаавут — натхненне і духоўнае абуджэнне, выкліканае яе выкананнем.