Злачынцы з Гродна і Гродзенскага раёна ўвозілі ў краіну легкавыя аўтамабілі з тэхнічнымі пашпартамі і рэгістрацыйнымі знакамі і VIN-нумарамі аўтамабіляў, ужо зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі.
Схему незаконнага ўвозу раскрылі аператыўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні. Мытныя плацяжы не выплачваліся, пры гэтым частка аўтамабіляў ужо была прададзеная. Зараз вядома ўжо 6 такіх машын, нявыплата па якіх склала каля 70 тыс. беларускіх рублёў.
У выніку ператрусу ў гаражы аднаго з фігурантаў справы знайшлі 25 рэгістрацыйных нумароў замежных транспартных сродкаў, якія, як мяркуецца, былі такім жа чынам ўвезеныя ў краіну.

Мытнікі знайшлі фрагменты аднаго аўтамабіля, VIN-нумар якога ўдалося ўстанавіць. Каб схаваць злачынства, аўто распілавалі на часткі і знішчылі ўсе ідэнтыфікацыйныя прыкметы.
За ўхіленне ад выплаты мытных плацяжоў групай асобаў па папярэдняй змове Гродзенскай рэгіянальнай мытняй распачата крымінальная (ч.2 ст. 231 КК Рэспублікі Беларусь). Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, або абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў. З вінаватых асобаў таксама будуць спагнаныя незаплачаныя мытныя плацяжы.