Беларусы свету збіраюцца адзначыць Дзень Волі забегам з нацыянальнай сімволікай. У «Вольным забегу» возьмуць удзел беларусы з 14 краінаў: ад Чылі да Новай Зеландыі.

«Вольны забег» — гэта акцыя, што аб’ядноўвае беларусаў свету з нагоды святкавання БНР-101. Сёлета арганізатары спадзяюцца, што агульная дыстанцыя, якую прабягуць удзельнікі, перавысіць 1000 км.

«Кожны чалавек і кожныя сто метраў істотныя. Да забегу можна далучацца па адным, а можна запрашаць сяброў, як мы робім тут у бразільскім Саўвадоры, — гаворыць адна з арганізатарак „Вольнага забегу“ Вольга Ермалаева Франко. — Бо нашыя небеларускія сябры таксама разумеюць істотнасць Дня волі, гэтай задумы і нас падтрымліваюць. Такія каштоўнасці, як свабода, не абмежаваныя нацыянальнасцю».

Па стане на 19 сакавіка на забег зарэгістраваліся беларусы з 14 краінаў: Беларусі, ЗША, Францыі, Нарвегіі, Швейцарыі, Новай Зеландыі, Польшчы, Іспаніі, Чылі, Украіны, Вялікай Брытаніі, Бразіліі, Нямеччыны і Літвы.

«Можна сказаць, што гэта пакуль толькі пачатак: мы чакаем, што бліжэй да даты забегу — 24 сакавіка — мы атрымаем яшчэ больш заявак», — гаворыць адзін з арганізатараў «Вольнага забегу» Зміцер Ягораў.

Каб узяць удзел у «Вольным забегу», трэба зарэгістравацца на сайце runbnr.org, прабегчы «вольную дыстанцыю», да падзяліцца ў сацыяльных сетках фотаздымкам з забегу — з бел-чырвона-белым сцягам, або гербам Пагоня і хэштэгам #belarus101run.

Асноўным днём забегу вызначаная нядзеля, 24 сакавіка — чакаецца, што менавіта ў гэты дзень у забегу возьме ўдзел большасць бегуноў. 25 сакавіка будуць падведзеныя вынікі і апублікаваная інфармацыя пра геаграфію і пераадоленую дыстанцыю.