Гэта самая запатрабаваная на сённяшні дзень спецыяльнасць. Вадзіцелі патрэбныя ў аўтапарках, кампаніях па перавозцы грузаў, і нават за мяжой менавіта такі спецыяліст хутчэй за іншых знойдзе працу. Калі ў мінулым месяцы ў рэгіёне патрабавалася 500 чалавек па гэтай спецыяльнасці, то на пачатак сакавіка — ужо 540, адзначае zviazda.by.
Прапануюць жыллё
У Гродзенскім аўтобусным парку становішчам з кадрамі занепакоеныя. Горад большае новымі мікрараёнамі, што цягне за сабой і новыя маршруты. А кіроўцаў не хапае, паведамілі ў аддзеле кадраў. Напрыклад, на сярэдзіну сакавіка ёсць каля 20 вакансій. На летні сезон прагназуецца іх рост.
— У працы нямала стрэсавых сітуацый з пасажырамі, якія не хочуць аплачваць праезд, — адзначыла спецыяліст па працы з кадрамі, — ды і парк стары: каля 70 адсоткаў аўтобусаў адпрацавалі свой тэрмін амартызацыі. Не ўсюды ёсць кандыцыянеры, а чалавек хоча працаваць у камфортных умовах.
У гэтым годзе плануецца набыць 10 аўтобусаў. У рамках праграмы перасялення прыцягваюцца вадзіцелі з іншых населеных пунктаў. Яны забяспечваюцца арэндным жыллём на льготных умовах. І такой магчымасцю скарысталіся 14 чалавек. У аўтапарку шукаюць шляхі павелічэння зарплаты, цяпер яна дасягае ў сярэднім за адну тысячу рублёў.
Фінансавы бок
Попыт на кіроўцаў выкліканы і развіццём транспартна-лагістычнага сектара эканомікі. З’яўляецца ўсё больш кампаній, якія займаюцца грузавымі перавозкамі. Многія спецыялісты менавіта тут шукаюць больш высокія зарплаты. Напрыклад, у мінулым годзе з аўтапарка ў дальнабойнікі сышлі 60 чалавек. І спыніць гэты працэс пакуль не атрымліваецца.
Дарэчы, ідуць на далёкія рэйсы не толькі прафесіяналы. Некаторыя перавучвацца, маючы нядрэнныя спецыяльнасці. Дастаткова зайсці ў інтэрнэт, каб пераканацца ў попыце на такіх спецыялістаў на рынку працы. Ёсць прапанова для кіроўцаў, у тым ліку міжнароднікаў. І такая сітуацыя распаўсюджана, распавёў прадпрымальнік з Гродна Генадзь Семчук. Яго кампанія мае невялікі парк грузавых аўтамабіляў і некалькі гадоў займаецца перавозкай грузаў па Еўропе і Расіі. У яго заўсёды ёсць вакантныя месцы для кіроўцаў.
Але і прапаноў хапае, адзначае Генадзь. Менавіта на такіх маршрутах можна нядрэнна зарабіць. За месяц — ад тысячы еўра і вышэй. Разам з тым да суіскальнікаў ёсць і патрабаванні. Генадзь не бярэ на працу, калі бачыць, што чалавек часта мяняе працу, напрыклад раз на паўгода. Улічвае, вядома, і стан здароўя, узрост. Дарэчы, перавага аддаецца больш сталым кіроўцам. Паводле яго слоў, у Польшчы, куды часта едуць працаваць беларусы, больш шанцаў у тых, каму ад 40 да 65 гадоў.
Рынак працы за мяжой
Прыгранічны рэгіён, безумоўна, адчувае канкурэнцыю на рынку працы з боку суседзяў. Часцей за ўсё жыхары Гродзеншчыны, у тым ліку і кіроўцы, едуць працаваць у суседнюю Польшчу. У інтэрнэце нямала сайтаў, на якіх перавозчыкі прапануюць працу ў гэтай краіне, прычым тэрмінова і з высокай аплатай. І ўсё ж многія, па словах Генадзя Семчука, вяртаюцца па сямейных абставінах. Многія, але далёка не ўсё. І працэс працоўнай міграцыі толькі пашыраецца. Праўда, тэмпы яго крыху запаволіліся.
Начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Собаль прыводзіць такія лічбы. У мінулым годзе праз агенцтва выехалі на працу за мяжу за 1600 чалавек, што на 300 больш, чым годам раней. Перад гэтым быў скачок працоўнай міграцыі ў два разы. Пераважная большасць накіроўваецца ў Польшчу.
Зразумела, што маштабы міграцыі значна больш, бо многія шукаюць працу самастойна. Напрыклад, па выбарковаму абследаванню асабістых гаспадарак, колькасць працоўных мігрантаў дасягае 10 тысяч.
Як запоўніць вакансіі
Калі на пачатак лютага было 500 вакансій, то на пачатак сакавіка — 540. Колькасць вакансій у 10 разоў перавышае колькасць беспрацоўных кіроўцаў. Але праблема яшчэ і ў самой асобы сушукальніка. Напрыклад, у аўтапарк не возьмуць чалавека, які быў пазбаўлены правоў або меў парушэнні правілаў дарожнай бяспекі. Затое тут бясплатна праводзяць курсы для атрымання адпаведнай катэгорыі. У мінулым годзе такой магчымасцю скарысталіся 45 чалавек. Садзейнічае ў пошуку кіроўцаў і служба занятасці. Паступова гэтую прафесію асвойваюць жанчыны. У аўтапарку такія прыклады ёсць. Магчыма, гэты працэс набудзе большы размах. Як вядома, жанчыны пачалі кіраваць і буйнагабарытнымі фурамі.